Bild am Sonntag: Палова немцаў – супраць пераабрання Меркель
7- 28.08.2016, 17:19
- 5,834
Ангела Меркель зноў адтэрмінавала пастанову пра тое, ці будзе яна зноў прэтэндаваць на пасаду канцлера.
Палова немцаў выступае супраць новага, чацвёртага тэрміну знаходжання Ангелы Меркель на пасадзе канцлера ФРГ. З наступным знаходжаннем Меркель на пасадзе кіраўніка ўрада Нямеччыны гатовыя пагадзіцца толькі 42 адсоткі ўдзельнікаў апытання, праведзенага сацыялагічным інстытутам Emnid на замову штотыднёвіка Bild am Sonntag, паведамляе DW.
У той самы час, паводле вынікаў даследавання, апублікаваных у нядзелю, 28 жніўня, сярод прыхільнікаў Хрысціянска-дэмакратычнага звязу (ХДЗ) за новы тэрмін Меркель на пасадзе канцлера выступаюць 70 адсоткаў рэспандэнтаў, а 22 адсоткі – супраць.
Паводле звестак СМІ, Ангела Меркель зноў адтэрмінавала пастанову пра тое, ці будзе яна зноў прэтэндаваць на пасаду кіраўніка ўрада. Яна вызначыцца ў гэтым пытанні толькі ў пачатку 2017 года, пасля таго як высветліцца, ці акажа ёй падтрымку партнёр ХДЗ у блоку – Хрысціянска-сацыяльны звяз.
Наступныя выбары ў бундэстаг адбудуцца восенню 2017 года.