3 траўня 2024, Пятніца, 0:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працаўніца БелАЭС распавяла падрабязнасці пра падзенне рэактара

31

Чарговае надзвычайнае здарэнне на Астравецкай АЭС адбылося 10 ліпеня.

Журналісты адправіліся ў Астравецкі раён, каб даведацца, як мясцовыя жыхары ставяцца да будаўніцтва беларускай атамнай электрастанцыі.

Меркаванні жыхароў Астраўца падзяліліся: камусьці страшна ад думкі аб новай станцыі, іншыя нарэшце атрымалі працу, піша nn.by.

Журналісты пагутарылі з мясцовымі жыхарамі і знайшлі жанчыну, якая працуе на АЭС. Яна распавяла, што здарылася з рэактарам:

«Рабочыя на АЭС кажуць, што днём былі перабоі са святлом. Ужо тады пачалі ўстаноўку рэактара [тут і далей - корпуса рэактара. - аўт.], але ўпаў ён уначы, прыкладна а палове на другую. Стропы, на якіх трымаўся рэактар да ўстаноўкі, апынуліся карацейшымі на 30 сантыметраў чым тады, калі замяралі ў Расеі. Праз гэта рэактар пачаў адхіляцца. Адзін бок сыходзіў на метр, а іншы на пяць. Цэлую гадзіну ён трымаўся ў паветры. А потым ён проста ўпаў. Я не была падчас таго, як ён абрынуўся, але рабочыя, якія працавалі ў начную змену, сказалі, што грукат быў моцны. Гэты ж рэактар важыць 330 тон. Хлопцы, якія ставілі рэактар, казалі, што ўсё ставілі паводле правілаў.

Усё гэта дзіўна, бо рэактар абследавалі, спецыялісты з «Расатама» вывучалі. Два ці тры месяцы перад устаноўкай інжынеры слухалі гэты рэактар і казалі, што там нешта не праслухоўваецца. Нават быўшы не запраўленым уранам, ён выдаваў дзіўныя шумы. Калі рыхтавалі шахту, то не дапускалі хібнасці нават да 6 міліметраў. А тут ўпаў, абсурд нейкі.

Як я раніцай прыйшла на працу, дык ужо ўсё схавалі. Яны зноў зацягнулі яго на ранейшае месца, але відаць, што рэактар цяпер крыва стаіць. На АЭС кажуць аб магчымай судовай справе.

Расейцы там каралі цяпер. Для беларусаў гэта прыніжэнне. Там ёсць два будынкі - адзін расейскаму боку, іншы - беларускаму. Дык вось беларускія зваршчыкі атрымліваюць 4 мільёны, а калі на расейскіх працаваць, то там заробак будзе 10-12 мільёнаў. Як толькі пачыналася будаўніцтва, заробкі ва ўсіх былі значна больш. Або яны грошы паразбіралі, або крызіс вінаваты, ніхто не ведае. Але і за невялікія грошы беларусы гатовыя там працаваць. Пры гэтым на практыку прывозяць студэнтаў з «Расатама», а з беларусаў толькі аднаго ведаю.

У нас кітайцы займаюцца правядзеннем ліній электраперадач. Яшчэ АЭС не дабудавалі, а ўжо праводзяць электрычнасць. І вось яны возяць пясок, слупы. Ад АЭС плануецца правесці лініі да вёскі Солы, на Валожын, частку разгалінавання на Гродна. Рэактар падае, а яны ўжо кантракты падпісваюць».

Нагадаем, у ноч з 9 на 10 ліпеня на Астравецкай АЭС пры правядзенні падрыхтоўчых работ корпус рэактара абрынуўся з вышыні 2-4 метраў. Праз два тыдні Міністэрства энэргетыкі Беларусі заявіла аб няштатнай сітуацыі «на пляцоўцы захоўвання корпуса рэактара пры правядзенні такелажных работ па яго перамяшчэнню ў гарызантальнай плоскасці».

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках