15 назіральнікаў «Права выбару» пазбавілі акрэдытацыі
- 10.09.2016, 12:47
- 15,570
Ва ўсіх выпадках назіральнікі былі пазбаўленыя акрэдытацыі беспадстаўна.
За чатыры дні датэрміновага галасавання акрэдытацыі былі пазбаўленыя 15 назіральнікаў кампаніі «Права выбару – 2016».
Ва ўсіх выпадках, паведамляе прэс-служба кампаніі, назіральнікі былі пазбаўленыя акрэдытацыі «беспадстаўна і з ініцыятывы старшыняў участковых выбарчых камісій альбо пасля скаргаў праўладных назіральнікаў».
Незалежныя назіральнікі таксама фіксавалі выпадкі правакацый з боку праўладных назіральнікаў, якія пасля пазбаўлення акрэдытацыі назіральнікаў «Права выбару – 2016» знікалі з выбарчых участкаў. Прадстаўнікі «Права выбару – 2016» прадаўжаюць фіксаваць неналежнае захоўванне скрыняў для галасавання ў абедзенны і начны час. На вялікай колькасці участкаў, адзначаюць яны, старшыні выбарчых камісіяў адмаўляюцца апячатваць памяшканні, дзе захоўваюцца скрыні для галасавання, што стварае магчымасці для фальсіфікацый вынікаў «выбараў».
Паводле звестак назіральнікаў, на участках, дзе здзяйсняецца незалежнае назіранне, яўка за першыя чатыры дні датэрміновага галасавання істотна разыходзілася і была ніжэйшай за афіцыйныя звесткі. Агульнае разыходжанне звестак у яўцы ў дзевяці выбарчых акругах, у якіх назіральнікі кампаніі «Права выбару» змаглі атрымаць афіцыйныя звесткі, склала 26 тыс. 99 чалавек.