Так пачыналася бязмежжа
21- 18.09.2016, 12:37
- 24,333
Як здымалі Віктара Ганчара з пасады старшыні Цэнтрвыбаркама.
Прававое бязмежжа, у якое пагрузілася Беларусь, пачалося з сілавога адхілення Віктара Ганчара з пасады старшыні Цэнтрвыбаркама, піша «Беларуская праўда».
Усякая ўлада ўважаецца за легітымную, калі яна прайшла праз працэдуру адкрытасці, празрыстасці і законнасці, якую замацоўвае незалежная выбарчая камісія. Цяперашнія праблемы, з якімі сутыкаецца не толькі ўлада, але і ўсё беларускае грамадства, звязаныя з незаконным зняццем з пасады старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі ў выбарах Віктара Ганчара ўказам Лукашэнкі. Здарэнне адбылося 14 лістапада 1996 года.
Замест Віктара Ганчара ўказам Лукашэнкі, які перавысіў свае канстытуцыйныя паўнамоцтвы, старшынёй Цэнтрвыбаркама была прызначаная юрыстка Бабруйскага гарвыканкама Лідзія Ярмошына, на зацвярджэнне якой Вярхоўны Савет 13-га склікання не даў сваёй згоды.
Пасля незаконнага зняцця з пасады Віктар Ганчар прапанаваў стварыць спецыяльную камісію для прававой ацэнкі парушэнняў Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь з боку Лукашэнкі. Ганчар стаў збіраць факты, юрыдычныя дакументы, паказанні сведак аб парушэннях Канстытуцыі з мэтай наступнага адхілення Лукашэнкі ад улады. Магчыма, менавіта дзейнасць на пасадзе кіраўніка камісіі пры Вярхоўным Савеце і стала для Віктара Ганчара фатальнай.
Адлік існавання нелегітымнай беларускай улады ідзе менавіта з моманту адхілення В.Ганчара ад пасады старшыні ЦВК. Ніводныя выбары ў Беларусі не прызнаныя свабоднымі і дэмакратычнымі, адпаведнымі міжнародным стандартам. Праз тры гады Віктар Ганчар быў выкрадзены, ягонае месца знаходжанне дагэтуль не ўстаноўленае. Без адказу на пытанне: дзе старшыня ЦВК Віктар Ганчар? - выбары ў краіне ніколі не будуць прызнаныя.