Белстат: Рэальны заробак у Беларусі падае далей
6- 23.09.2016, 20:06
- 20,075
Зніжэнне заробку ў гадавым вымярэнні назіраецца ўжо больш як паўтары гады.
Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, рэальная заплата (з улікам росту спажывецкіх коштаў тавараў і паслуг) у жніўні 2016 года ў параўнанні са жніўнем 2015 года паменшылася на 3,9%.
Зніжэнне рэальнай заплаты ў гадавым вымярэнні назіраецца ўжо больш як паўтары гады, піша БелаПАН.
У студзені 2016 года яна скарацілася на 2,6%, у лютым - на 4,6%, сакавіку - на 3,2%, красавіку - на 3,8%, траўні - на 4,6%, чэрвені - на 4, 5%, ліпені - на 5,3%.
Сярэдні намінальны налічаны заробак у жніўні 2016 года склаў 750,3 дэнамінаваных рубля.
Найбольшы сярэднямесячны налічаны заробак работнікаў сярод рэгіёнаў быў у Менску - 1022,8 дэнамінаваных рубля, найменшы - у Магілёўскай вобласці (645,3). У Берасцейскай вобласці сярэдняя заплата склала 652,7 рубля, у Гомельскай - 674,6, Гарадзенскай - 650,6, Менскай - 771,8, Віцебскай - 647,9.
Самі вялікі заробак па-ранейшаму атрымліваюць IT-спецыялісты: у жніўні гэтага года ён склаў 3304 рублі. Самую маленькую заплату ў жніўні атрымалі работнікі бібліятэк, архіваў, музеяў - 418,7 рубля. Такім чынам, у жніўні ў IT-спецыялістаў сярэдні заробак быў у 7,9 разы больш, чым у работнікаў гэтай сфэры культуры.
У катэгорыю найбольш высокааплатных уваходзяць: работнікі паветранага транспарту - іхні сярэдні заробак у жніўні склаў 2149 рублёў (у тым ліку пасажырскага транспарту - 2237,5); хімічнай прамысловасці - 1359,9; горназдабыўной - 1309,6; нафтаперапрацоўкі - 1239,8; фінансісты і страхавальнікі - 1204,9; работнікі тэлекамунікацыйнай галіны - 1219,8; архітэктары, бухгалтары і юрысты - 1156,2; гуртавікі - 1007,8 рубля.
Нізкая заплата ў сацыяльных (423,8 рубля) і творчых (454,7) работнікаў.
Сярэдні жнівеньскі заробак работнікаў транспартнай сфэры склаў 841,6 рубля, прамысловасці - 818,8, будаўніцтва - 836,9, раздробнага гандлю - 647,4, аховы здароўя - 697,8, лёгкай прамысловасці - 589, адукацыі - 490,5, сельскай, лясной і рыбнай гаспадарак - 571,5 рубля.
Згодна з прагнозам Мінэканомікі намінальны налічаны сярэднямесячны заробак работнікаў у снежні 2016 года мае вырасці на 14% у дачыненні да снежня 2015 года - да 884,1 рубля.