2 траўня 2024, Чацвер, 8:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Старэйшая дачка Іслама Карымава пад хатнім арыштам

25
Старэйшая дачка Іслама Карымава пад хатнім арыштам
Фотa з сайта rbc.ru

Гульнара Карымава, старэйшая дачка прэзідэнта Узбекістана Іслама Карымава, адсутнічала на пахаванні бацькі.

Карымава-старэйшая знаходзіцца фактычна пад хатнім арыштам, не маючы доступу да інтэрнэту. Разам з ёй жыве дачка Іман. А сын Іслам у цяперашні час жыве ў Лондане, на пахаванне дзядулі ён таксама не прыехаў, паведамляе "Фергана".

78-гадовага ўзбекскага лідара пахавалі сёння ў ягоным родным горадзе Самаркандзе. На пахаванні прысутнічалі толькі жонка Іслама Карымава і малодшая дачка Лола Карымава-Тыляева, піша "Беларускі партызан".

Найбольш верагодным пераемнікам памерлага прэзідэнта Узбекістана Іслама Карымава стане прэм'ер Шаўкат Мірзіееў, але на час пераходнага перыяду сфармуецца ягоны тандэм з кіраўніком Службы нацыянальнай бяспекі Рустамам Інаятавым, сказаў у інтэрв'ю РІА "Навіны" старэйшы навуковы супрацоўнік акадэмічнага Інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных адносінаў, экспэрт Расейскай рады міжнародных справаў Віктар Надзеін-Раеўскі.

"Яшчэ з савецкіх часоў павялося, што той, хто ўзначальвае камісію на пахаванні, той і становіцца пераемнікам памерлага. Не выключана, што тая самая традыцыя будзе працаваць і ва Узбекістане. Яны ўсё ж такі прытрымліваюцца савецкіх традыцый, і вельмі шмат савецкага ў іх засталося. Гэта і партыйная пабудова, гэта і ўзаемадзеянне чыноўнікаў, адпаведна ранжаванне чыноўнікаў", – сказаў Надзеін-Раеўскі РІА "Навіны".

"Вялікую ролю гуляе той, хто, як той казаў, стаецца бліжэй да цела. На Усходзе пераемнасць улады мае вялікую ролю, таму ўпэўнены, што клан Карымава не выпусціць з рук гэтай улады", – дадаў ён.

Пры гэтым экспэрт не выключыў, што на час пераходнага перыяду кіраваць краінай будзе тандэм прэм'ера і кіраўніка Службы нацыянальнай бяспекі.

"Што тычыцца таго, як гэта будзе адбывацца, то, магчыма, гэта будзе нейкі орган паўкалектыўнага тыпу, як гэта было ў Савецкім Саюзе. Хутчэй за ўсё, будзе менавіта так. Толькі час пакажа, хто будзе найбольш моцнай асобай у гэтым кіраўніцтве і хто здолее сабе падпарадкаваць усе астатнія галіны ўлады", – сказаў экспэрт.

"Пакуль падобна, што пераходзіць да нейкага мадэрнісцкага варыянту, разбураць структуру эканомікі дзейная ўлада не збіраецца. І паспрабуе ніякім чынам стырно праўлення не выпусціць. Тут, вядома, шмат складнікаў можа быць, але Карымаў стварыў дастаткова трывалую структуру і вертыкаль улады. Відаць, гэтая структура і спрацуе", – дадаў ён.

Магчымы пераходны тандэм Мірзіеева і Інаятава Надзеін-Раеўскі называе найбольш прагматычным. "Варыянт такога тандэму – Мірзіеева і Інаятава, напэўна, толькі і магчымы. Ён быў бы найбольш трывалым для ўсяго перыяду перадачы ўлады. Хто і як узначаліць краіну – пакажа будучыня. Усякая прыхаваная барацьба, інтрыгі – яшчэ наперадзе", – мяркуе экспэрт.

"У структуры, якую выбудоўваў Карымаў, сілавікі адыгрываюць асаблівую ролю. Менавіта яны здолелі ўтрымаць Узбекістан ад спаўзання да экстрэмізму, у тым ліку да радыкалізму ісламісцкага тыпу. Менавіта гэтыя структуры змаглі спыніць спробу туркізацыі, якая праводзілася з дапамогай структураў ісламскага прапаведніка Фетхулаха Гюлена ва Узбекістане. 26 турэцкіх ліцэяў былі зачыненыя ў свой час, былі цалкам зачыненыя гандлёвыя кампаніі, якія падтрымлівалі ўсю гэтую структуру, вычышчаныя прыхільнікі гэтага прапаведніка ва Узбекістане", – сказаў Надзеін-Раеўскі.

"Вядома, сам спакой у краіне, дзе ёсць і Ферганская даліна са сваімі асаблівымі праблемамі, забяспечваюць сілавікі. Мабыць, роля сілавых структураў не ўпадзе. Калі яна ўпадзе, то краіну, вядома, чакаюць вельмі вялікія непрыемнасці", – сказаў на заканчэнне экспэрт.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках