27 снежня 2025, Субота, 19:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Вільні зафарбавалі шыльдачку «Руская вуліца»

6
У Вільні зафарбавалі шыльдачку «Руская вуліца»
Фота: DELFI

Расейскамоўная шыльда, з купаламі і славянскай вяззю, не спадабалася жыхарам літоўскай сталіцы.

У нядзелю ўдзень у Вільні з'явілася назва Рускай вуліцы на расейскай мове. Але праз некалькі гадзінаў хтосьці ўжо зафарбаваў новую шыльду з назвай карычневай фарбай. Мінакі, што звярнулі ўвагу на зафарбаваную шыльдачку, паведамілі пра гэта ў паліцыю, а некаторыя фатаграфавалі сапсаваны надпіс.

Каментуючы інцыдэнт парталу DELFI, мэр Вільні Рэмігіюс Шымашус асудзіў «таго чалавека ці групу асобаў, якім, на жаль, уласціва непавага да іншых і непаўнавартаснасць».

І ўсё-такі ў першую чаргу, паводле словаў мэра, важна, што такія шыльдачкі былі адкрытыя, і пры гэтым «большасць людзей рэагавала вельмі пазітыўна, а гэта значыць, што Вільня ідзе па шляху адкрытасці і ўзаемапавагі». Мэр таксама выказаў упэўненасць, што паліцыя прыме ўсе намаганні для знаходжання вандалаў.

4 верасня, у нядзелю, а 12-й гадзіне ў Вільні на вул. Русу адбылося ўрачыстае адкрыццё шыльды з назвай вуліцы на расейскай мове. У мерапрыемстве ўдзельнічаў мэр Вільні Рэмігіюс Шымашус. З нагоды ўрачыстасці выступіў фальклорны ансамбль «Арынушка».

У гэты ж дзень адбылося ўрачыстае адкрыццё шыльды з назвай Варшаўскай вуліцы на польскай мове. «Хачу ўсіх павіншаваць з тым, што мы жывем у выдатным горадзе, які з самага яго заснавання быў шматнацыянальным, разнастайным, выдатным сваімі культурамі – і літоўскай, і польскай, і расейскай, і габрэйскай, і татарскай, і культурамі іншых народаў», – сказаў мэр Рэмігіюс Шымашус.

Фота: DELFI

У мерапрыемствах удзельнічалі прадстаўнікі самакіравання, грамадскія дзеячы, а таксама прадстаўнікі расейскай і польскай суполак. Варта адзначыць, што шыльдачку на польскай мове, у адрозненне ад расейскай, ніхто не крануў.

Руская вуліца ў Вільні з'явілася яшчэ ў XIV стагоддзі, калі семантыка словы «рускі» была зусім іншай і яно выкарыстоўвалася для абазначэння праваслаўных жыхароў Вялікага Княства Літоўскага.

У цяперашні час назвы вуліцаў на іншых мовах, акрамя літоўскай, ёсць яшчэ ў двух месцах Вільні: на вул. Ісландыёс – на ісландскай мове, і на плошчы Вашынгтона – на ангельскай. Самакіраванне плануе ўсталяваць такія шыльдачкі на адпаведных мовах на вуліцах Жыду (Яўрэйскай), Вокечу (Нямецкай) і Тотару (Татарскай).

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках