21 снежня 2024, Субота, 17:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: 8 верасня было створанае Беларускае войска

6

У гэты дзень ў 1992 годзе вайсковыя афіцэры прысягнулі на вернасць беларускаму народу.

Пра гэту знакавую падзею напісаў у «Фэйсбуку» лідар беларускай апазіцыі, падпалкоўнік запасу Мікалай Статкевіч.

Для мяне гэта не толькі гадавіна слаўнай перамогі пад Воршай у 1514 годзе. Яшчэ ўспамінаю 1992 год, калі Вярхоўны Савет нарэшце прыняў пастанову аб падпарадкаванні былой савецкай Беларускай вайсковай акругі і стварэнні на яе аснове Беларускага войска.

Тады склалася дзіўная сітуацыя - маладыя жаўнеры, якіх клічуць на службу, прымалі прысягу на вернасць Беларусі, а многія былыя савецкія афіцэры - не. Гэта было вельмі небяспечна, бо ў выпадку вайсковага канфлікту яны нават не былі абавязаныя ваяваць за Беларусь.

Нягледзячы на патрабаванні беларускіх афіцэраў, урад Кебіча, які тады ён узначальваў, катэгарычна адмаўляўся прыводзіць да беларускай прысягі ўсіх афіцэраў Беларускага войска. Тады «Беларускае згуртаванне вайскоўцаў» (БЗВ) наважылася правесці публічную грамадскую акцыю прысягі на вернасць Беларусі.

Нашу пастанову актыўна падтрымалі і дапамаглі ў яе рэалізацыі патрыятычныя партыі - БНФ і БСДГ, а іх лідары Зянон Пазьняк і Міхаіл Ткачоў узялі ўдзел у адкрыцці цырымоніі прысягі.

Мы наўмысна выбралі для акцыі гадавіну Аршанскай перамогі, каб прыцягнуць да яе ўвагу амаль цалкам пазбаўленай тады гістарычнай памяці беларускага грамадства.

Акцыя адбылася 8 верасня 1992 года на плошчы Незалежнасці. Цырымонія, у якой узялі ўдзел тысячы вайскоўцаў запасу, была вельмі прыгожай і ўрачыстай. На сцэне прысягу прымалі 12 афіцэраў - чальцоў кіраўніцтва БЗВ, у параднай форме. Большасць з нас тады знаходзіліся на вайсковай службе. Мы разумелі, на што ідзём, але гатовыя былі ахвяраваць сваёй вайсковай кар'ерай, каб забяспечыць Беларусі хоць бы юрыдычнае падпарадкаванне яе войска.

Акцыя мела шырокі розгалас і аказала неабходнае ўздзеянне на грамадства. Наменклатурная каманда Кебіча саступіла і праз некалькі месяцаў увесь афіцэрскі склад быў прыведзены да беларускай прысягі.

Вясной 1993 года ўрад заявіў пра неабходнасць адмовы ад беларускіх грошай на карысць расейскіх.

БЗВ адказала 25 сакавіка 1993 года «Маршам за незалежнасць». Тысячы вайскоўцаў запасу строем пад барабанны бой прайшлі праспектам пад кіраўніцтвам афіцэраў з БЗВ.

Абмеркаванне замены грошай спынілася, гэтая акцыя вельмі напалохала ўрад. Ды і не толькі яго, як высветлілася пазней.

У красавіку 1993 года Вярхоўны савет прыняў папраўкі ў закон «Аб статусе вайскоўцаў», накіраваныя супраць БЗВ. Паводле паправак вайскоўцам забаранялася займацца ўсякай «грамадска-палітычнай дзейнасцю».

Гэтая размытая фармулёўка дазволіла паставіць пад забарону ўдзел вайскоўцаў ва ўсякіх, нават самых апалітычных грамадскіх арганізацыях. Самым прыкрым было тое, што за папраўку галасавалі не толькі наменклатурныя дэпутаты, але і амаль уся фракцыя БНФ, за выключэннем прадстаўніка БЗВ у парламенце.

Кадравыя афіцэры - чальцы БЗВ, выявіліся пад пагрозай «законнага» звальнення з войска. Каб не дапусціць гэтага, кіраўніцтва БЗВ прыняло пастанову аб вывадзе ўсіх кадравых вайскоўцаў, акрамя старшыні аб'яднання, са складу арганізацыі.

Аднак, цягам некалькіх месяцаў амаль усе былыя чальцы кіраўніцтва БЗВ, якія апынуліся без абароны арганізацыі і грамадства, былі з розных прычын звольненыя з войска.

Учынак беларускіх афіцэраў, здзейснены 8 верасня 1992 года, назаўжды застанецца годнай падзеяй вайсковай гісторыі Беларусі.

Віншую патрыётаў Беларусі з Днём беларускай вайсковай славы!

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках