Менскае метро зноў можа загаварыць па-ангельску
11- 10.01.2017, 19:52
- 44,473
Апошні раз ангельская мова ў сталічным метрапалітэне гучала у траўні 2014 года.
На брыфінгу ў Менску намеснік дырэктара Дэпартамента турызму Мінспорту Віталь Грыцэвіч паведаміў, што ў Міністэрстве спорту чакаюць павелічэння колькасці турыстаў на 20% у сувязі з прыняццем Указа №8. Чыноўнік таксама паведаміў, што найперш чакаецца павелічэнне колькасці турыстаў з Еўропы, Паўночнай Амерыкі і краін Персідскага затокі, паведамляе «Еўрарадыё».
У адказ на пытанне аб тым, што плануе зрабіць Мінспорту для паляпшэння варункаў для замежных турыстаў у Беларусі, Грыцэвіч спаслаўся на досвед Чэмпіянату свету ў хакеі. Магчыма, у менскім метро зноў з'явяцца аб'явы на англійскай мове, будуць распрацаваны новыя турыстычныя маршруты па Беларусі і зроблены іншыя крокі.
Ангельская мова ў сталічным метрапалітэне гучала у траўні 2014 года, калі ў Беларусі праходзіў чэмпіянат свету ў хакеі. Праз нейкі час ад гэтай практыкі адмовіліся. Метрапалітэн тады тлумачыў, што аб'явы на дзвюх мовах перашкаджаюць графіку руху цягнікоў.