3 траўня 2024, Пятніца, 5:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сноўдэну прадоўжылі дазвол на жыхарства ў Расеі

2
Сноўдэну прадоўжылі дазвол на жыхарства ў Расеі
ЭДВАРД СНОЎДЭН

Былы супрацоўнік амерыканскай выведкі можа заставацца ў РФ да 2020 года.

Улады Расеі прадоўжылі дазвол на жыхарства ў краіне былога супрацоўніка Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША Эдварду Сноўдэну на тры гады да 2020 года, паведамілі Расейскай службе ВВС у расейскім МЗС.

Гэтую інфармацыю пацвердзіў адвакат амерыканца Анатоль Кучарэна. Ён таксама заявіў, што ў Сноўдэна ёсць усе юрыдычныя падставы, каб найбліжэйшым часам атрымаць расейскае грамадзянства.

Раней прадстаўніца міністэрства Марыя Захарава заяўляла, што Сноўдэн зможа застацца ў Расеі яшчэ "некалькі гадоў".

Захарава паведаміла ў "Фэйсбуку" пра падаўжэнне дазволу на жыхарства, каментуючы заявы былога намесніка дырэктара ЦРУ Майкла Марэла, які назваў жаданую экстрадыцыю Сноўдэна "ідэальным падарункам на інаўгурацыю" абранаму прэзідэнту ЗША Дональду Трампу.

Яна абвінаваціла Марэла ў прыхільнасці да "ідэалогіі здрады".

У 2013 годзе Сноўдэн перадаў сакрэтныя дакументы АНБ брытанскай газеце Guardian і іншым СМІ. У дакументах змяшчалася інфармацыя пра таемнае сачэнне амерыканскіх спецслужбаў. Гэта прывяло да міжнароднага скандалу.

У ЗША абвінавачваюць Сноўдэна ў крадзяжы дзяржаўнай маёмасці, незаконным выкарыстанні інфармацыі, якая тычыцца нацыянальнай абароны, а таксама ў наўмысным выдаванні сакрэтных звестак.

У 2013 годзе Сноўдэн атрымаў часовы прытулак у Расеі, а затым трохгадовы дазвол на жыхарства.

У 2016 годзе ў інтэрв'ю Financial Times Сноўдэн заявіў, што ўсё адно "прадаўжае служыць ЗША", а таксама збіраецца "рана ці позна пакінуць" Расею. Ён таксама раскрытыкаваў расейскі ўрад за ўцісканне правоў грамадзян.

Заява Захаравай таксама прагучала пасля таго, як прэзідэнт ЗША Барак Абама змякчыў прысуд інфарматарцы WikiLeaks Чэлсі Мэнінг, асуджанай на 35 гадоў турмы - цяпер яна павінна выйсці на свабоду ў траўні гэтага года.

Сноўдэн у сваім "Твітэры" падзякаваў Мэнінг за ўсё, што яна зрабіла, а таксама Абаму за яе вызваленне.

Раней Барак Абама заяўляў, што ў яго няма магчымасцяў памілаваць Сноўдэна.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках