2 траўня 2024, Чацвер, 19:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каго пакараюць за самагубства «дармаеда»?

62
Каго пакараюць за самагубства «дармаеда»?
Айвар Яскевіч

Улады самі пераходзяць крытычную рысу, за якой заканчваецца цярпенне беларусаў.

Жудасная гісторыя пра самагубства ў Асіповічах мужчыны, які пакінуў перадсмяротную запіску са словамі «Я ніколі не быў дармаедам» і квітанцыю аб аплаце падатку, жудасная сама па сабе. Аднак улады і тут здолелі падліць алею ў агонь, піша «Салiдарнасць».

Не прайшло і сутак, калі грамадскасць даведалася аб гэтай гісторыі, як Следчы камітэт ужо адрапартаваў: «самагубства мужчыны...не звязанае з фактам выплаты падатку на дармаедства».

- Ніякіх фактаў, якія маглі б садзейнічаць давядзенню яго да самагубства, устаноўлена не было. А ў перадсмяротнай запісцы мужчына паказаў на праблемы, звязаныя выключна з сямейна-бытавымі стасункамі, - заявіла БелТА афіцыйная прадстаўніца УСК Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк.

Вось так. Звычайныя сямейна-бытавыя праблемы. Ну, а фраза «я ніколі не быў дармаедам...і ўсё жыццё сумленна працаваў» - гэта, мяркуючы з усяго, проста асаблівасці выказвання думкі.

Здзіўляе не толькі хуткасць, з якой прадстаўнікі ўлады зрабілі свае высновы, але і як маштабна адрэагавалі - адразу праз галоўнае дзяржаўнае інфармагенцтва. І гэта з нагоды нейкага «сямейна-бытавога» суіцыду ў райцэнтры?

Памятаецца, калі п'яны начальнік ДАІ насмерць збіў жанчыну на пераходзе, спатрэбілася пяць дзён, каб МУС хоць неяк пракаментавала гэты інцыдэнт, а ДАІ і зусім не палічыла неабходным публікаваць звесткі аб аварыі ў сваіх зводках. А тут адразу - і ўсе экспэртызы і высновы.

Зрэшты, якіх вынікаў яшчэ можна было чакаць ад гэтай праверкі? Высновы, што выплата ганебнага падатку і гаротнае становішча сям'і давялі мужчыну да гэтага адчайнага кроку? Але ў гэтым выпадку давялося б назваць і вінаватых - давядзенне да самагубства - гэта ж крымінальнае злачынства. Каго тады?

Падаткавікоў, якіх дзяржава нацкавала на 60-гадовага ветэрана працы? Ці чыноўнікаў на месцах, якія замест таго, каб абараніць такіх, як ён, моўчкі паціскаюць плячыма і штурхаюць у розныя інстанцыі? Ці дэпутатаў, якія аднадушна прагаласавалі супраць уласнага народа ды яшчэ і сарамацілі за несвядомасць. А можа, вышэйшае кіраўніцтва, якое стварыла ў краіне варункі, якія пазбаўляюць чалавека магчымасці працаваць? Ці ўсё ж аўтара і натхняльніка гэтага «самага сацыяльна справядлівага» дэкрэта?

Думаю, адказ відавочны. А каб ва ўсялякіх там «скурпулёзных і надакучлівых» праваабаронцаў не ўзнікла жадання заклікаць кагосьці са згаданых вышэй асобаў да адказу, грамадскасці неадкладна было даложана аб выніках праверкі. Вось толькі замест таго, каб супакоіць хвалю абурэння, улады сваімі «высновамі» толькі спарадзілі яшчэ больш пытанняў.

Таму што гэта як раз той самы выпадак, калі лепш нічога не казаць. Проста зрабіць з гэтай гісторыі высновы і прыкласці ўсе намаганні, каб такога больш не паўтарылася. А як гэта ажыццявіць, могуць распавесці тыя, хто выбудоўваецца на вуліцах у чаргу, каб падпісацца за скасаванне гэтага ганебнага і, як выявілася, смяротна небяспечнага, дэкрэта.

Нагадаем, што 17 лютага а 18-00 на Кастрычніцкай плошчы Менска пачнецца Марш раззлаваных беларусаў з патрабаваннем скасавання дэкрэта аб «дармаедах».

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках