4 траўня 2024, Субота, 6:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лідар Слуцкай арганізацыі БНФ: Будзем уключаць у барацьбу ўсіх жыхароў горада

1
Лідар Слуцкай арганізацыі БНФ: Будзем уключаць у барацьбу ўсіх жыхароў горада
ВІТАЛЬ АМЯЛЬКОВІЧ
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Чыноўнікі «затрымаліся» ў мінулай эпосе і не чуюць патрабаванняў слуцакоў.

Віталь Амяльковіч дастаткова вядомы ў Слуцку чалавек. Юнаком актыўна ўдзельнічаў у акцыях «Маладога фронту», цяпер узначальвае раённую арганізацыю Партыі БНФ, таксама ён сябра праваабарончай арганізацыі БХК і «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны». У інтэрв'ю «Свабодным навінам» актывіст распавёў пра поспехі ў барацьбе за беларусізацыю Слуцка і пра планы на 2017 год.

— Віталь, летась ты змагаўся супраць расейскага трыкалора ў грамадскім транспарце горада, збіраў подпісы за вуліцу Слуцкіх паўстанцаў, цяпер дамагаешся, каб канферэнц-заля раённай бібліятэкі стала даступнай для «непажаданых» беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Як адклікаюцца землякі на гэтыя акцыі?

— У Слуцку дастаткова шмат людзей розных нацыянальнасцяў — вакол горада ў савецкі час дыслакавалася нямала вайсковых гарадкоў. Вось многія з тых, што засталіся дагэтуль і не вызначыліся, да каго сябе залічваюць. Да іх у поўнай меры падыходзіць вызначэнне Святланы Алексіевіч: «чырвоны чалавек». Нядзіўна, што калі правесці анкетаванне пра падзеі ва Украіне, то можа скласціся меркаванне: апытанне рабілася ў Расеі. Гэта ненармальна. Пры тым, што ў нашай краіне няма імперскіх амбіцый, як у нашага суседа. Аднак наслухаўшыся прамоваў з розных расейскіх ток-шоў, некаторыя таксама пачалі пранікацца імперскай настальгіяй — вазьміце хоць бы выпадак з вывешваннем трыкалораў у гарадскім транспарце.

— Раскажы больш падрабязна пра тую гісторыю...

— Летам у горадзе з'явіўся аўтобус з вялікім расейскім сцягам на лабавым шкле. Аднойчы дачакаўся яго спецыяльна, сфатаграфаваў і падаў довады кіраўніцтву парку №2. Рэакцыя, на здзіўленне, была адэкватнай: кіроўцы пазбавілі прэміі, з ім правялі тлумачальную размову. Аднак 3 ліпеня, на афіцыйны Дзень Незалежнасці, гісторыя паўтарылася: я заўважыў іншы аўтобус з такім жа трыкаларам. Зноў звярнуўся ў аўтапарк і «Мінскаблаўтатранс» — сітуацыю выправілі.

Але на мясцовым узроўні я не бачу якіх-небудзь рухаў у бок беларускасці. Фактычна, па сваёй свядомасці гэтыя чыноўнікі ўсё яшчэ жывуць у БССР, старанна захоўваючы яе атрыбуты. Прыкладам можа паслужыць і сітуацыя з перайменаваннем вуліцы, і цяжкасці ў арганізацыі сустрэч з вядомымі пісьменнікамі і гісторыкамі Беларусі, якія давялі сваімі творамі адданасць ідэі незалежнасці нашай краіны.

Адсутнічае і падтрымка для пошукавай дзейнасці мясцовых краязнаўцаў, якія займаюцца стварэннем летапісу сталінскіх расстрэлаў і пошукам месцаў гібелі людзей. Таму не ўдалося арганізаваць прэзентацыю ў бібліятэцы новай кнігі краязнаўцы Анатоля Жука «1920 год на Случчыне», сустрэчу з гісторыкам Нінай Стужынскай.

Затое стымулююць навучэнцаў школ і гімназій горада ўдзельнічаць у розных конкурсах накшталт «Мая Радзіма — СНД»... І гэта адбываецца ў той час, калі першакласнікі атрымліваюць у першы школьны дзень падручнік «Мая Радзіма — Беларусь».

— У апошні час ты дапамагаеш жыхарам змагацца супраць стварэння вытворчасці ачысткі нафтазабруджанага грунту на тэрыторыі лясгаса ў раёне Варонецкіх балот. Чаму зацікавіўся гэтай праблемай?

— Людзі звярнуліся за дапамогай... Сутнасць праблемы ў тым, што ўлада і прадстаўнікі бізнэсу абсалютна не цікавяцца меркаваннем простых грамадзян, ладзяць сумнеўныя вытворчасці, якія пагражаюць экалогіі рэгіёну ў будучыні. Такога роду вытворчасць лепш ствараць каля нафтасховішчаў, нафтаперапрацоўчых заводаў. Аднак чамусьці выбралі раён, дзе знаходзяцца вытокі ракі Случ, а таксама водападзел паміж рэкамі Пціч і Случ. Дарэчы, там дагэтуль поўна артылерыйскіх набояў, якія выбухаюць і будуць падрываць яшчэ доўгі час.

У жыхароў прылеглых вёсак склалася меркаванне, што райвыканкам цалкам самаўхіліўся, і яны спрабуюць знайсці падтрымку ў грамадскіх актывістаў.

Будзем змагацца, трэба падключаць таксама жыхароў горада, бо гэта патэнцыйная пагроза для экалогіі ўсяго рэгіёна.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках