4 траўня 2024, Субота, 4:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Знойдзеныя невядомыя карціны мастака, які маляваў Каліноўскага і Янку Купалу

1
Знойдзеныя невядомыя карціны мастака, які маляваў Каліноўскага і Янку Купалу
Марка з партрэтам Пятра Сергіевіча

Дзве невядомыя карціны Пятра Сергіевіча былі знойдзеныя пад Смаргонню.

Сустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец знайшоў два невядомыя творы мастака на Смаргоншчыне, піша tut.by.

Як паведаміў палітык, разам з рэжысёрам Аляксеем Туровічам ён паехаў па месцах 100-годдзя БХД (партыя была створаная ў год Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыі). Вандроўцы наведалі вёску Шутавічы пад Смаргонню, дзе нарадзіўся і вырас літаратуразнаўца, рэдактар, сябра ЦК БХД Янка Шутовіч і ягоны дзядзька ксёндз Віктар Шутовіч, які таксама ўваходзіў у партыю.

Цяпер дом належыць мясцоваму прадпрымальніку. Агледзеўшы з яго дазволу дом, Севярынец і Туровіч знайшлі дзве невядомыя карціны мастака Пятра Сергіевіча.

Невядомая карціна Пятра Сергіевіча. ФОТА: Старонка Паўла Севярынца ў Фэйсбуку

Лёс майстра быў звязаны з Беларуссю і Літвой. Ён вучыўся ў Віленскім універсітэце, дзе ў яго выкладаў знакаміты Фердынанд Рушчыц. Доўгія гады працаваў у Вільні. Таксама распісваў касцёлы ў Жодзішках, Солах і Смаргоні.

Сергіевіч напісаў шмат твораў, прысвечаных творчасці Янкі Купалы (у літаратурным музеі паэта захоўваюцца 14 ягоных карцін, у тым ліку «Янка Купала і Вл.Ф. Луцэвіч», «Гусляр»). Вядомасць таксама атрымалі ягоныя карціны, прысвечаныя вызваленчаму паўстанню 1863 года: «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года» і «К. Каліноўскі і В. Урублеўскі на аглядзе паўстанцаў».

За візітоўку Сергіевіча ўважаецца карцінка «Дарогі жыцця».

Невядомая карціна Пятра Сергіевіча. ФОТА: Старонка Паўла Севярынца ў Фэйсбуку

Як распавёў журналістам Павел Севярынец, «пакуль у доме не занадта спрыяльныя ўмовы для захоўвання знойдзеных твораў. Там вільгаць, ад якой карціны пакарабаціліся».

Са слоў палітыка, мастак Алесь Марачкін згодны адрэстаўраваць працы. Але іх будучыню вызначыць гаспадар дома. «Творы Сергіевіча гатовыя ўзяць літаратурны музей Янкі Купалы, што ў Менску, і Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча. Але магчыма, гаспадар захоча пакінуць творы ў сябе ці нават стварыць у доме музей », - кажа Севярынец.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках