4 траўня 2024, Субота, 1:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пенсійная пастка

26
Пенсійная пастка

Хто рызыкуе апынуцца ў страхавой пастцы і застацца без пенсіі?

Аб падвышэнні пенсійнага ўзросту чулі многія, але мала хто ведае, што павялічыўся і мінімальны страхавы стаж, які патрэбны для атрымання пенсіі. Яшчэ чатыры гады таму для атрымання працоўнай пенсіі было дастаткова пяці гадоў страхавога стажу. А тым, хто сыходзіць на пенсію ў 2017 годзе, трэба як мінімум 16 гадоў. Хто рызыкуе апынуцца ў страхавой пастцы і застацца без пенсіі?

У Беларусі, каб атрымліваць працоўную пенсію, трэба мець не толькі працоўны стаж, але і мінімальны страхавы стаж. Гэта стаж працоўнай дзейнасці, цягам якой з работніка ўтрымліваліся ўнёскі ў ФСАН. Вучоба ў ВНУ, служба ў войску, адпачынак для догляду дзіці ў гэты стаж не ўваходзяць, бо ўнёскі ў ФСАН у гэтыя перыяды не робяцца, піша intex-press.by.

У 2013 годзе для атрымання працоўнай пенсіі беларусам трэба было мець мінімум пяць гадоў страхавога стажу. Але потым гэты стаж сталі павялічваць: спачатку да 10 гадоў, потым да 15 гадоў. Прычым падвышаецца ён і далей – кожны год на паўгода, пакуль не дасягне 20 гадоў у 2025 годзе. Тыя, хто сыходзяць на пенсію ў 2017 годзе, павінны мець мінімум 16 гадоў страхавога стажу.

Людзі, у якіх мінімальнага страхавога стажу не стае, павінны дапрацаваць патрэбную колькасць гадоў. У адваротным выпадку яны могуць разлічваць толькі на сацыяльную пенсію. Яна раўняецца палове бюджэту пражытковага мінімуму (на сённяшні дзень гэта блізу 87 рублёў), і выплачваць яе пачынаюць пазней, чым працоўную: мужчынам – у 65 гадоў, жанчынам – у 60 гадоў.

Ніякіх выключэнняў для людзей, якія дасягаюць пенсійнага ўзросту ў перыяд новаўвядзенняў і маюць дастатковую колькасць страхавога стажу паводле старых правіл, але не дацягваюць да страхавога стажу паводле новых нормаў, не прадугледжана. У выніку людзі не змогуць атрымаць ні пенсію з прычыны ўзросту (бо ў іх няма мінімальнага страхавога стажу), ні сацыяльную пенсію (бо яе пачынаюць выплачваць пазней).

«Шкада, што догляд дзецьмі працай не лічыцца»

У пастку страхавога стажу могуць патрапіць мамы, якія выхоўваюць траіх ці чацвярых дзяцей. Згодна з Кодэксам аб шлюбе і сям'і яны ўважаюцца за шматдзетных, але ў пенсійным заканадаўстве да шматдзетным залічаюцца толькі жанчыны, якія выхоўваюць пяць і больш дзяцей. Для такіх мам мінімальны страхавы стаж застаўся ранейшым – пяць гадоў. А для тых, у каго трое ці чацвёра дзяцей, дзейнічае агульная норма страхавога стажу.

Жыхарка нашага горада Вольга Азарка – мама чацвярых дзяцей. Цяпер ёй 36 гадоў. Агулам у адпачынку з прычыны догляду дзяцей яна знаходзілася амаль 6,5 гадоў.

Толькі з малодшай Насцяй я была дома, пакуль ёй не споўнілася тры гады. З астатнімі дзецьмі выходзіла на працу раней. Ішла працаваць не толькі для таго, каб быў стаж – пра пенсіі неяк не задумваешся, пакуль. Проста сям'ю трэба чымсьці карміць, а на адзін заробак мужа пражыць складана, – распавядае Вольга.

Цяпер страхавы стаж Вольгі – блізу 8 гадоў. Калі пенсійнае заканадаўства не зменіцца, яна сыдзе на пенсію ў 2039 годзе, у 58 гадоў. Разлічваць на працоўную пенсію Вольга зможа, калі ў яе будзе як мінімум 20 гадоў страхавога стажу. Гэта значыць, за тыя, што засталіся да пенсіі 22 гады ёй трэба працаваць з выплатай унёскаў у ФСАН не менш за 12 гадоў.

Мне б хацелася надаваць дзецям як можна больш часу, займацца з імі, бо іх выхаванне – гэта велізарная праца і вялікая адказнасць, – кажа Вольга.

Але я вымушаная працаваць, каб потым атрымліваць пенсію. Шкада, што догляд дзяцей у нашай дзяржаве працай не лічыцца.

Вольга мяркуе, што гэта несправядліва, што для маці, якія выхавала пецярых дзяцей, мінімальны страхавы стаж пакінулі пяцігадовым, а тым, у каго двое ці трое дзяцей, – гэты стаж зрабілі ў 4 разы большым.

З кожным годам становіцца складаней. І ўтрымліваць дзяцей, і знаходзіць працу, – кажа яна. – Не здзіўлюся, калі страхавы стаж да маёй пенсіі яшчэ больш павялічаць.

Хто яшчэ можа патрапіць у пастку страхавога стажу?

Супрацоўнікі сілавых структур. За міліцыянтаў, вайскоўцаў, супрацоўнікаў МНС і Следчага камітэта дзяржава не плаціць унёскі ў ФСАН. Спецыяльную, так званую вайсковую пенсію, яны могуць атрымліваць толькі за выслугу гадоў. Калі супрацоўнік звольніўся раней, ён можа разлічваць толькі на сацыяльную пенсію.

Людзі, якія даглядаюць інвалідаў I групы. Яны атрымліваюць запіс у працоўнай кніжцы і дапамогу, але ўнёскі ў ФСАН за іх ніхто не плаціць.

Прадпрымальнікі ды рамеснікі. Унёскі ў ФСАН для індывідуальных прадпрымальнікаў сталі абавязковымі толькі з 2002 года. Калі да гэтага яны не плацілі іх добраахвотна, то праца ІП у страхавы стаж не залічвалася. Рамеснікі таксама маюць права не плаціць унёскі ў ФСАН.

Работнікі прадпрыемстваў-дэбітораў. Калі працадаўца не разлічваецца з ФСАН, то ў страхавы стаж работнікам гэты перыяд не залічваецца.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках