Трамп уключыў Стывена Бэнана ў Раду нацыянальнай бяспекі
1- 29.01.2017, 17:38
- 28,429
Прэзідэнт ЗША правёў перастаноўкі ў складзе Рады нацыянальнай бяспекі і ўключыў у яе склад свайго галоўнага стратэга Бэнана.
У адпаведнасці з выканаўчым указам, падпісаным 28 студзеня, Бэнан стане рэгулярным удзельнікам абмеркаванняў пытанняў нацыянальнай бяспекі. Дырэктар нацыянальнай выведкі і старшыня Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў будуць прысутнічаць на пасяджэннях толькі тады, калі будуць разглядацца тэмы, якія маюць дачыненне да іх «абавязкаў і досведу», паведамляе «Радыё Свабода».
У папярэдніх адміністрацыях Дырэктар выведкі і вышэйшая вайсковая службовая асоба прысутнічалі на ўсіх пасяджэннях камітэта, які займаецца пытаннямі палітыкі, што закранаюць нацыянальную бяспеку.
Рада нацыянальнай бяспекі кансультуе прэзідэнта ЗША ў пытаннях нацыянальнай бяспекі і замежных спраў.
«Пагрозы бяспекі, якія стаяць перад Злучанымі Штатамі ў 21 стагоддзі, выходзяць за міжнародныя межы», - гаворыцца ва ўказе. «Адпаведна, структуры і працэсы для развязання гэтых праблем у складзе ўрада ЗША павінны заставацца такімі ж адаптыўнымі і даступнымі для пераўтварэння».
Трамп таксама ўвёў пажыццёвую забарону на службовых асоб адміністрацыі, якія лабіююць інтарэсы замежных урадаў і пяцігадовую забарону на ўнутранае лабіяванне.