Ігар Эйдман: Мэта Пуціна - звяржэнне Мэркель
3- 5.01.2017, 15:59
- 18,827
Крэмль будзе актыўна ўмешвацца ў выбары ў Бундэстаг.
У інтэрв'ю нямецкай Donaukurier (пераклад - inopressa.ru) сацыёлаг і публіцыст Ігар Эйдман сказаў, што Крэмль будзе актыўна ўмешвацца ў перадвыбарчую кампанію выбараў у Бундэстаг і спрабаваць дэстабілізаваць сітуацыю ў Нямеччыне і Еўропе.
Ігар Эйдман, стрыечны брат забітага расейскага апазіцыянера Барыса Нямцова, з 2011 года пражывае ў Нямеччыне, адзначае аўтар публікацыі Барыс Райтшустэр.
«Пасля анэксіі Крыма і агрэсіі Расеі, накіраванай супраць Украіны, пачалася новая халодная вайна. Захад спрабуе спыніць экспансію Пуціна з дапамогай санкцый і дыпламатычнага ціску. Расея, са свайго боку, спрабуе аслабіць гэта супрацьстаянне, падкупіць палітыкаў і падтрымаць прарасейскіх кандыдатаў на выбарах», - сказаў сацыёлаг.
«Крэмль выдаткоўвае вялікія сродкі для ўплыву на грамадскую думку ў Нямеччыне. Я ведаю гэта з першых вуснаў, ад сваіх калегаў, - растлумачыў Эйдман. - Некаторыя маскоўскія PR-спецыялісты, з якімі я працаваў у Дзярждуме, цяпер займаюцца тым, што прасоўваюць расейскія інтарэсы ў Нямеччыне».
Акрамя таго, дадаў Эйдман, Крэмль «задзейнічаў цэлае войска інтэрнэт-троляў, каб распаўсюджваць сваю пазіцыю ў нямецкамоўным сегменце інтэрнэту. Некаторыя вядомыя нямецкія журналісты і публіцысты больш-менш адкрыта працуюць на Маскву». Асаблівую інфармацыйную кампанію Крэмль накіраваў на расейскіх немцаў, якія жывуць у Нямеччыне, упэўнены ён.
Найважнейшай тактычнай задачай Пуціна Эйдман назваў «звяржэнне Мэркель». «Яе крытычная пазіцыя ў дачыненні да Пуціна з'яўляецца кіроўнай для ўсёй палітыкі ЕЗ. Без Мэркель магчымае скасаванне антырасейскіх санкцый, а таксама карэннае змяненне ўсёй палітыкі ў дачыненні да Масквы. Пуцін марыць пра тое, каб прывесці да ўлады лаяльныя сабе сілы. У такім выпадку ён мог б стаць шэфам саслабелай Еўропы».
Нямеччына, са слоў Эйдмана, можа абараніцца «ад хлусні праўдай»: «Трэба забяспечыць шырокі доступ да незалежнай інфармацыі, журналісцкіх расследаванняў аб крамлёўскай прапагандзе».
«Самай вялікай пагрозай 2017 года становіцца распаўсюджванне пуцінізму, - упэўнены сацыёлаг. - Іншымі словамі, ёсць небяспека, што да ўлады ў вядучых еўрапейскіх дзяржавах могуць прыйсці ўльтраправыя або іншыя прапуцінскія партыі».