23 снежня 2024, панядзелак, 9:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Камандзір часткі - маці загінулага ў Печах жаўнера: Прабачце, так атрымалася

Камандзір часткі - маці загінулага ў Печах жаўнера: Прабачце, так атрымалася

Сябрам Аляксандра Коржыча пачалі тэлефанаваць з КДБ.

Паводле факту смерці ў Печах 21-гадовага жаўнера тэрміновай службы Аляксандра Коржыча Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу паводле ч 3 арт 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемадачынення паміж вайскоўцамі пры адсутнасці стасункаў падначаленасці, што пацягнула за сабой цяжкія наступствы). Фактычна СК такім чынам прызнае, што смерць хлопца звязаная з дзедаўшчынай, піша belsat.eu.

«У рамках расследавання правяраюцца ўсе магчымыя версіі пра прычыны і абставіны здарэння, у тым ліку аб здзяйсненні ў дачыненні да памерлага супрацьпраўных дзеянняў, нестатутных узаемаадносін, здольных прывесці да канфліктных сітуацый. Следствам прымаюцца ўсе захады да ўстанаўлення рэальнага становішча спраў з вайсковай дысцыплінай на тэрыторыі вайсковай часткі», – адзначаецца ў паведамленні СК.

Паводле папярэдніх дадзеных СК, прычынай смерці з’явілася механічная асфіксія ад сціскання шыі пятлёй ад папружкі пры павешанні.

З сябрам загінулага жаўнера хоча пагутарыць КДБ

Тым часам маці Аляксандра Коржыча, якога 3 кастрычніка знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах, даслала ліст у адміністрацыю прэзідэнта і рыхтуе зварот у Генеральную пракуратуру з патрабаваннем правесці дасканалае расследаванне смерці яе сына і пакараць вінаватых. Пра гэта распавёў Сяргей – муж сястры Аляксандра Коржыча.

Сваякі ўпэўнены, што смерць Аляксандра – гэта не самагубства і не давядзенне да самагубства, бо на целе яны знайшлі шматлікія сінякі і параненні.

«Я лічу, што гэта было забойства», – кажа Сяргей.

Сваякоў да следчых пакуль не выклікалі, ніякіх размоў не праходзіла.

«Са сваякамі ніякіх следчых дзеянняў не праводзілася, ніхто нас не выклікаў. Але сябру Аляксандра Ілле, ведаю, тэлефанавалі з КДБ – сказалі, будуць выклікаць яго на гутарку. Я так разумею, яны таксама нейкую праверку праводзяць», – кажа Сяргей.

Чаму КДБ далучылася да праверкі факце смерці Аляксандра Коржыча, пры тым што справу распачаў Следчы камітэт, невядома. Сам сябар Аляксандра Ілля Казубоўскі пацвердзіў belsat.eu: яму тэлефанавалі з Камітэту дзяржбяспекі, але дэталі распавесці адмовіўся. Дадаў, што пра гэта яму казаць нельга.

Ілля таксама ўпэўнены – Коржыча менавіта забілі:

«Ен распавядаў, што ў Пячах адбываецца жах. Здзекваліся, білі, абражалі. Я магу дакладна сказаць, што яго забілі – калі мы яго пераапраналі ў яго было шмат сінякоў».

«Хлопца зламалі ў казарме». У Пячах загінуў «срочнік» – сябры ўпэўнены, што ён стаў ахвярай дзедаўшчыны

«У іх адна версія – суіцыд. Яны нават пра іншае і думаць не хочуць»

Сяргей разам з іншымі сваякамі ездзіў у вайсковую частку ў Пячах адразу пасля таго, як ім паведамілі пра смерць:

«Камандзір часткі, палкоўнік, сказаў маці – даруйце, так атрымалася. Выказаў спачуванні. У іх адна версія – суіцыд. Яны нават ні пра іншае і думаць не хочуць. А канкрэтна па абставінах нам ніхто нічога не тлумачыў. Вы ж разумееце, як гэта ў нас бывае… З хлопцамі з ягонага прызыву пагутарыць таксама не атрымалася… Я разумею, ім проста забараняюць», – кажа Сяргей.

Пахавалі Аляксандра Коржыча 5 кастрычніка непадалёк ад Пінска.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках