2 траўня 2024, Чацвер, 11:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ІП - уладам: «Злазьце, вы не справіліся!»

12
ІП - уладам: «Злазьце, вы не справіліся!»
ФОТА: EURORADIO.FM

З такім лозунгам прадпрымальнікі звернуцца да ўладаў 21 кастрычніка ў Менску падчас Маршу абураных беларусаў 2.0.

Пра гэта ў каментары прэс-службе БНК заявіў былы прадпрымальнік, актывіст Валянцін Трокскі, які неаднаразова ўдзельнічаў у акцыях пратэсту.

- Раскажыце, ці працуеце вы цяпер і дзе? Якая сітуацыя з заробкамі ў вас, вашых знаёмых?

- Сталай працы ў мяне няма. І вось з якіх прычын - негатыўны досвед прадпрымальніцтва ў створаных урадамі варунках, перадпенсійны ўзрост з дадатковымі адсюль праблемамі працаўладкавання, а таксама зневажальны прапанаваны заробак пры найме.

Знаёмыя і сваякі незалежна ад працаўладкавання і заробкаў незадаволеныя пагаршэннем матэрыяльнага стану. Кошты растуць, сумы розных аплат падвышаюцца, уводзяцца новыя паборы. Заробкі пры гэтым растуць значна павольней, а часам і зніжаюцца. І гэта ў сітуацыі, калі абвешчаны афіцыйны сярэдні статыстычны ўзровень заробкаў (дзесьці 820 рублёў) далёкі ад фактычнага. Напрыклад, мой знаёмы атрымлівае за працу вартаўніком блізу 200 рублёў.

- Раскажыце больш падрабязна аб вашым адмоўным досведзе прадпрымальніцтва.

- Першую на дваіх з кампаньёнам невялікую фірму (ТАА) аптовага гандлю таварамі прамысловага прызначэння давялося закрыць. Калі рух сродкаў на рахунку прадпрыемства дасягнуў сумы ў эквіваленце блізу 18 000 даляраў ЗША, наляцела праверка і, перавярнуўшы гару фінансавых дакументаў, знайшла ўсё ж сумнеўнае парушэнне. Вусныя прэтэнзіі на аплату непад'ёмных штрафаў і пагрозы наступу іншых непрыемных наступстваў нагадвалі бандыцкі наезд. Дзейнасць прадпрыемства была прыпыненая, работнікі засталіся без утрымання. Афіцыйны пісьмовы зварот ад асобы фірмы ў кантрольную інстанцыю з аргументамі на карысць адсутнасці парушэнняў застаўся без адказу. Фірму пастанавілі закрыць. Другая мая спроба прадпрымальніцтва была ў галіне грузаперавозак аўтатранспартам, трэцяя - выраб пліткі для ходнікаў. Усе спробы скончыліся няўдачамі праз бесперапынныя, спрэчныя з пункту гледжання здаровага сэнсу абмежаванні, паборы, адвольныя ўмовы працы, якія мяняліся чыноўнікамі. І, «кантрольны стрэл» - абмежаванне па найму работнікаў для ІП.

Таксама негатыўна паўплывала створаная ў краіне правадыром атмасфера пагардлівага стаўлення да прадпрымальнікаў - «вашывыя блохі», ягонае выхвалянне вось-вось паціснуць руку астатняму прадпрымальніку.

- Для чаго, па-вашаму быў уведзены Дэкрэт №3? Чаму ўлады прыпынілі яго дзеянне вясной і чаму вярнулі цяпер?

- Невуцкая валюнтарысцкая палітыка і сярэднявечная эканоміка правадыра і ягонай ўладнай вертыкалі прывялі краіну да вялізнага фінансавага дэфіцыту і страты міжнароднага аўтарытэту. У пераліку на душу насельніцтва кожны, нават нованароджаны грамадзянін Беларусі, ужо вінен суму ў эквіваленце якая перасягае 4 000 даляраў ЗША. МВФ у крэдыце адмовіў. Расейскія прэферэнцыі заканчваюцца. Наспявае крах. Дэкрэт № 3 - спроба ўскласці цяжар фінансавага дэфіцыту на плечы народа, імкненне забяспечыць сталае паступленне грашовых сродкаў у дзіравыя кішэні ўлады, якая ўтрымліваець шляхам фактычнага ўстанаўлення прыгоннага права і прызначэння аброку. Сутнасць дэкрэта - масавае рабаванне.

Першая спроба масавага рабавання была занадта прамалінейная і ўсім зразумелая сваёй непрыхаванай сквапнасцю. З прычыны масавых пратэстных акцый супраць Дэкрэта №3, арганізаваных апазіцыйнымі структурамі Беларусі вясной гэтага года, дэкрэт быў прыпынены. Цяперашні варыянт дэкрэта - другая спроба масавага рабавання, ужо хітра завэлюмаваная пад тэрмінам «самазанятасці», але не менш прагная. Відаць, улады вельмі моцна прыціснула, калі яны рызыкуюць паўторна рэалізаваць гэты дэкрэт.

- 21 кастрычніка ў Менску пройдзе Марш абураных беларусаў 2.0. Яго патрабаванні - скасаванне «дэкрэта аб дармаедстве» і іншых незаконных пабораў, падвышэнне заробкаў і пенсій, правядзенне эканамічных рэформаў. Ці атрымаецца дамагчыся выканання гэтых задач?

- На Маршы ў Менску мы зноў заявім пра свае патрабаванні. Павінны прагучаць лозунгі «Скасаваць дэкрэт №3! Мы не дармаеды!», «Годная праца за годны заробак!», «Годны народ - годны ўрад!», «Злазьце, вы не справіліся!» Усё ў нас атрымаецца, калі нас будзе шмат, і калі будзем салідарныя і цвёрдыя.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках