2 траўня 2024, Чацвер, 15:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Добры заробак на будоўлі АЭС атрымліваюць толькі ў расейскіх фірмах»

4
«Добры заробак на будоўлі АЭС атрымліваюць толькі ў расейскіх фірмах»

Сціплы райцэнтр Астравец на Гарадзеншчыне чакалі кардынальныя пераўтварэнні пасля пачатку будаўніцтва АЭС.

«Салiдарнасць» высвятляла, што цяпер жыхары раёна кажуць пра змены?

Цэнтр Астраўца - цэнтр тыповага беларускага райцэнтра. Тут помнік Леніну, райвыканкам, пошта, стары гатэль, некалькі шматкватэрных дамоў. Усё гэта можна абысці менш чым за паўгадзіны, а далей пачынаецца прыватны сектар.

У цэнтры Астраўца фактычна нічога не нагадвае пра тое, што ў раёне вядзецца найважнейшая будоўля краіны. Хіба што новы гатэль, пабудаваны туркамі, падказвае, што горад зусім няпросты.

Іншая справа - ускраіна горада ў бок будаванай БелАЭС. За апошнія гады тут выраслі два новыя мікрараёны. Будаўніцтва дамоў ды інфрастурктуры прадаўжаецца.

Удзень у дварах новых мікрараёнаў вельмі нешматлюдна. Плануецца, што тут будуць жыць спецыялісты, якія прыбудуць у горад, каб абслугоўваць АЭС. Пакуль жа частка дамоў выкарыстоўваецца ў якасці часовых інтэрнатаў для будаўнікоў.

Мясцовыя жыхары, з якімі атрымліваецца пагаварыць, сказалі, што змены ў Астраўцы іх фактычна не закранулі.

- Мае дзеці пасля пачатку будаўніцтва «атамкі» засталіся працаваць на ранейшым месцы. У знаёмых таксама нічога не памянялася. Ды і што магло памяняцца, калі добры заробак на будоўлі атамнай станцыі атрымліваюць толькі ў расейскіх фірмах, куды мясцовым не ўладкавацца. У новых мікрараёнах таксама жывуць прыезджыя, і дамы будаваліся для іх, - распавяла мясцовая жыхарка.

Не заўважылі прыкметных паляпшэнняў у сувязі з будоўляй БелАЭС і жыхары вёсак, распавёў «Салідарнасці» актывіст АГП Мікалай Уласевіч. Да прыкладу, у яго Варнянах, другім велічынёй населеным пункце Астравецкага раёна, які месціцца за некалькі кіламетраў ад БелАЭС, лазні як не было, так і няма. А астатнія аб'екты інфраструктуры за апошнія гады тут перажылі аптымізацыю.

Ці баяцца мясцовыя жыхары суседства з атамнай электрастанцыяй? Мікалай Уласевіч патлумачыў «Салідарнасці» так:

- Падчас шчырай размовы людзі нярэдка кажуць: так, вядома, усё можа быць. Але калі казаць агулам пра стаўленне мясцовых жыхароў да будаўніцтва АЭС, то яно, як, мабыць, і ва ўсёй Беларусі абыякавае. Большасць з савецкіх часоў так выхавана, што альбо не маюць пэўнага меркавання з гэтай нагоды, альбо думаюць, што ўсё абыдзецца.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках