2 траўня 2024, Чацвер, 7:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывістка РЭП: Ад палітыкі наўпрост залежаць годнае жыццё і аплата працы

Актывістка РЭП: Ад палітыкі наўпрост залежаць годнае жыццё і аплата працы

Вызваленне Ігара Комліка - наглядны прыклад таго, як спрацавала прафзвязная салідарнасць.

2 і 3 кастрычніка ў Ерэване прайшла субрэгіянальная сустрэча чальцоў арганізацый Глабальнага прафзвязу IndustriALL краін СНД. Удзельнічала ў ёй і беларуская дэлегацыя, у якую ўвайшлі як незалежныя прафзвязы (РЭП, БНП і СПМ), так і прафзвяз, які ўваходзіць у ФПБ: Белхімпрафзвяз (работнікаў хімічнай, горнай і нафтавай галін). Прафзвяз РЭП прадстаўляла намесніца старшыні Зінаіда Міхнюк, ад БНП і СПМ прысутнічалі Мікалай Зімін і Аляксандр Бухвостаў. Ад Белхімпрафзвязу ў Ерэван прыехала яго старшыня Святлана Клачок, піша praca-by.info.

Таксама ў сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі прафзвязаў Арменіі, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расеі ды Украіны. На парадку дня былі ўмовы працы прафзвязаў у кожнай краіне; прафзвязная салідарнасць у варунках ціску працадаўцаў і рэпрэсій уладаў; выклікі прафзвязам, якія кідаюць новыя тэхналогіі, рабатызацыі і скарачэнне дзелі чалавечай працы.

Кожная краіна-ўдзельніца мела 10 хвілін для выступу - каб распавесці аб эканамічнай і палітычнай сітуацыі.

Зінаіда Міхнюк распавяла, што на ейную просьбу час выступу Беларусі быў падзелены паміж незалежнымі прафзвязамі і ФПБ:

- Я казала галоўным чынам пра салідарнасць: як з калегамі ўнутры краіны, так і міжнародную. Напрыклад, у мінулым годзе на 7 кастрычніка РЭП ва ўсіх рэгіёнах падаў заяўкі на пікеты, і працоўныя сказалі, што трэба запрасіць і прафзвязы Федэрацыі, калі яны асацыююць сябе з прафзвязамі. Мы іх запрасілі, але ніводзін кіраўнік з ФПБ не прыйшоў. Таксама ў выступе я распавяла пра Дэкрэт №3: пра тое, як прафзвяз РЭП адразу на яго зрэагаваў і стаў збіраць подпісы ва ўсёй краіне. Потым людзі выйшлі, і мы не засталіся ў баку; дапамагалі сваім актывістам выплаціць надмерныя штрафы... І сённяшняя «справа прафзвязаў» - гэта помста за зімовую кампанію. І вядома, згадала тую кампанію міжнароднай салідарнасці, якую падняў IndustriALL з патрабаваннямі вызваліць Ігара Комліка.

Святлана Клачко, са слоў Зінаіды Міхнюк, у сваім выступе таксама казала пра ціск на сябраў прафзвяза з боку наймальнікаў:

- У яе таксама прагучала, што пры стварэнні на адным прадпрыемстве прафзвязнай суполкі рабочых ціснула начальства. Акрамя таго, у выступе Клачко казала, што выдаць Дэкрэт №3 было не зусім правільнай пастановай, калі няма новых працоўных месцаў.

Зінаіда Міхнюк распавяла і пра праблемы, якія паўстаюць перад прафзвязамі ў іншых краінах рэгіёну:

- Усюды падае колькасць. Прадстаўніца Малдовы, напрыклад, паведамляла, што з краіны выехалі кваліфікаваныя работнікі. Ва Украіне таксама, асабліва пасля нядаўніх падзей, упала і колькасць, і аб'ёмы вытворчасці. Прадстаўнікі многіх краін казалі, што з прафзвязамі не хочуць лічыцца. Але вось, напрыклад, горна-металургічны прафзвяз Расеі - далёка не самая бедная арганізацыя: там высокі заробкі, ёсць замовы, праца і няма беспрацоўных. Таму пра праблемы Беларусі - пратэсты, Дэкрэт №3, рэпрэсіі - усе слухалі і толькі галовамі ківалі.

Сітуацыя з незалежным прафзвязным рухам у Беларусі ў параўнанні з іншымі краінамі рэгіёну выглядае сапраўды самай складанай:

- Беларусь - адзіная краіна з прысутных на рэгіянальнай сустрэчы, дзе прафзвязы вымушаныя ўдзельнічаць у палітыцы. У іншых краінах прафзвязы з уладай неяк менш праблемна суіснуюць. Таму нас часам абвінавачвалі ў тым, што мы «лезем ў палітыку». А я заўсёды кажу, што незалежны прафзвяз не можа адмежавацца ад палітыкі, таму што ад палітыкі наўпрост залежаць годнае жыццё і прыстойная аплата працы, - падкрэсліла Зінаіда Міхнюк.

Увечары першага дня адбылася радасная падзея: прыйшла вестка пра вызваленне з турмы Ігара Комліка пасля двух месяцаў зняволення:

- Навіна пра Комліка прагучала з раніцы на наступны дзень, і ўсе павесялелі. Хоць крымінальную справу не спынілі, але чалавек ужо на волі. Гэта быў наглядны прыклад таго, як спрацавала прафзвязная салідарнасць.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках