3 траўня 2024, Пятніца, 8:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы топ-мэнэджар «Беларусбанка» атрымаў сем з паловай гадоў

2
Былы топ-мэнэджар «Беларусбанка» атрымаў сем з паловай гадоў

Анатоль Багавік знаходзіцца пад вартай з 2 жніўня 2016 года.

Былы выканаўчы дырэктар «Беларусбанка» Анатоль Багавік асуджаны на сем з паловай гадоў пазбаўлення волі і штрафу 500 базавых адзінак (11,5 тысяч рублёў). Такі вердыкт 13 кастрычніка быў абвешчаны ў судзе Маскоўскага раёна Менска. Топ-мэнэджар абвінавачваўся ў атрыманні хабараў і перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў, піша tut.by.

Пракурор запытваў для Багавіка 8 гадоў пазбаўлення волі. Паводле прыгавору суда першай інстанцыі найбліжэйшыя сем з паловай гадоў банкір правядзе за кратамі ў калоніі. Акрамя таго, у былога топ-мэнэджара «Беларусбанка» будзе канфіскаваная частка маёмасці.

Прысуд не ўвайшоў у законнае дзеянне і можа быць абскарджаны.

Анатоль Багавік знаходзіцца пад вартай з 2 жніўня 2016 года.

Як вынікала з абвінавачання, Багавік, з'яўляючыся кіраўніком разліковага цэнтра банкаўскіх пластыкавых картак і старшынём конкурснай камісіі ў закупцы тавараў, работ, паслуг «Беларусбанка», прыняў ад гендырэктара Банкаўскага працэсінгавага цэнтра Генадзя Зубарава, які займаў тады гэтую пасаду, грашовыя сродкі на агульную суму больш за 94 тысяч даляраў шляхам паэтапнага пералічэння. Пры гэтым ён абяцаў Зубараву садзейнічанне ў перамозе Банкаўскага працэсінгавага цэнтра ў конкурсе на закупку банкаматаў для патрэб «Беларусбанка».

Былы кіраўнік Банкаўскага працэсінгавага цэнтра Генадзь Зубараў праходзіць у справе ў якасці сведкі. У дачыненні да яго таксама распачатая крымінальная справа, але паводле іншага артыкула.

У першы дзень працэсу, які пачаўся 8 верасня, Багавік цалкам прызнаў сваю віну. Аднак падчас судовага следства змяніў сваю пазіцыю, прызнаўшы віну толькі часткова. Адвакаты Багавіка прасілі для свайго падабароннага мінімальнага пакарання, піша «Белгазета». Яны мяркуюць, што гэта Зубараў схіліў Багавіка «да ўчынення неправамерных дзеянняў». Доўгі час Багавік знаходзіўся ў падначаленні ў Зубарава, «адыграў істотную ролю ў станаўленні Багавіка як прафесіянала, у яго не знайшлося сілы волі, унутранага процідзеяння, каб адхіліць прапанову Зубарава аб матэрыяльнай узнагародзе».

У сваім апошнім слове Анатоль Багавік раскаяўся і прасіў суд праявіць паблажку. «У той жа час я хацеў бы быць карысным сваімі прафесійнымі ведамі і досведам. Акрамя таго, у зале знаходзіцца чалавек, якога я абяцаў зрабіць шчаслівым...», - сказаў 45-гадовы былы топ-мэнэджар «Беларусбанка». У зале суда знаходзіліся ягоныя бацькі і жонка.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках