3 траўня 2024, Пятніца, 12:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новай дырэктаркай ЮНЕСКА стала экс-міністарка культуры Францыі

1
Новай дырэктаркай ЮНЕСКА стала экс-міністарка культуры Францыі
ОДРЫ АЗУЛАЙ
ФОТА: PHILIPPE WOJAZER/REUTERS

Одры Азулай заменіць Ірыну Бокаву, якая ўзначальвала ЮНЕСКА восем гадоў.

Выканкам ЮНЕСКА намінаваў Одры Азулай на пасаду новай генеральнай дырэктаркі арганізацыі. Раней яна ўзначальвала Міністэрства культуры Францыі. Паводле плана пастанова выканкама будзе зацверджаная 10 лістапада на Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА, на пасаду яна заступіць 15 лістапада, паведамляе РБК.

З лютага 2016 года да траўня 2017 года Азулай з'яўлялася міністаркай культуры Францыі ў кабінетах сацыялістаў Мануэля Вальса і Бернара Казнева. Дагэтуль яна паўтара года працавала дарадцам культуры тагачаснага французскага прэзідэнта Франсуа Аланда. Азулай стала другім прадстаўніком Францыі на чале ЮНЕСКА пасля Рэнэ Майо ў 1950-х гадах.

Пачаўшы кар'еру як экспэртка ў лічбавай тэлевізіі, у 2006 годзе яна перайшла на працу ў Французскі нацыянальны цэнтр кінематаграфіі, дзе займалася цыфравізацыяй тэле- і кінаіндустрыі. За паўтара года на пасадзе міністаркі Азулай актыўна супрацоўнічала з ЮНЕСКА ў пытанні абароны культурнай спадчыны ў зонах баявых дзеянняў ва ўсім свеце.

Паколькі Азулай з'яўляецца нашчадкам мараканскіх габрэяў, яе вылучэнне выклікала рэзкую крытыку ў арабскіх краінах. Асноўным яе спаборнікам за пасаду гендырэктара ЮНЕСКА быў экс-міністр культуры Катара, а цяпер дарадца эміра Хамад бін Абдулазіз аль-Кавары. Азулай абышла яго з мінімальнай перавагай у 30 супраць 28 галасоў.

На пасадзе гендырэктара ЮНЕСКА Азулай заменіць Ірыну Бокаву, якая ўзначальвала арганізацыю апошнія восем гадоў. Да гэтага яна была амбасадаркай Балгарыі ў Францыі, яшчэ раней займала пасаду міністаркі замежных спраў Балгарыі.

З лістапада 2009 года Бокава ўзначальвае ЮНЕСКА - на гэтай пасадзе яна стала першай жанчынай і першай прадстаўніцай Балканскіх краін з моманту заснавання арганізацыі ў 1945 годзе. У перыяд сваёй працы яе крытыкавалі з боку ЗША і Ізраіля за «антыізраільскую» палітыку ЮНЕСКА. Акрамя таго, праваабаронцы адзначалі, што бацька Бокавай уваходзіў у палітбюро балгарскай кампартыі і накіраваў дачку на вучобу ў МДІМА, дзе яна нібыта супрацоўнічала з КДБ СССР.

У кастрычніку 2011 года на галасаванні Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА прыняла ў свой склад часткова прызнаную Палестынскую аўтаномію. У той жа дзень Вашынгтон у якасці пратэсту абвясціў аб адмове ад сваіх штогадовых узносаў. Будучы найбуйнейшым донарам ЮНЕСКА, ЗША пералічвалі ў бюджэт арганізацыі $80 млн у год, што складала 22% яе даходаў.

Указваючы на «антыізраільскую» прадузятасць і рост фармальнай запазычанасці ЗША перад ЮНЕСКА, 12 кастрычніка 2017 года ЗША абвясціла пра выхад з арганізацыі з канца наступнага года. Неўзабаве прыкладу Вашынгтона рушыў услед Ізраіль. Адной з прычын, якая заахвоціла ЗША пакінуць ЮНЕСКА, амерыканскі Дзярждэпартамент назваў затрымкі ў даўно наспелай рэформе арганізацыі.

Выбары гендырэктара ЮНЕСКА праходзяць раз у чатыры гады падчас восеньскай сесіі выканкама арганізацыі. За паўгода да заканчэння паўнамоцтваў існага кіраўніка (мінаюць 15 лістапада) выканкам збірае заяўкі на замяшчэнне вакансіі ад краін - удзельніц арганізацыі. Самі выбары праходзяць шляхам прамога тайнага галасавання сябраў выканкама ў пяць тураў. У апошні раўнд выходзяць двое кандыдатаў, якія набралі максімальную колькасць галасоў у папярэднім туры. Выканкам складаецца з 58 прадстаўнікоў краін - сябраў ЮНЕСКА, размеркаваных па пяці рэгіянальных групах. Ратацыя праходзіць раз у два гады.

Падчас перадвыбарчай кампаніі ў верасні 2017 гады брытанская The Guardian паведаміла, што муж Бакавы, прадстаўнік Балгарыі ў радзе Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) Калін Мітраў, атрымаў хабар ад урада Азербайджана на €450 тысяч. Мітраў зняпраўдзіў удзел у карупцыйных схемах, назваўшы атрыманне грошай платай за кансалтынгавыя паслугі, а рэпартаж пра гэта - атакай на сваю жонку. Азербайджанскі спявак і цяперашні пасол рэспублікі ў Расеі Полад Бюльбюль-аглы быў адным з прэтэндэнтаў на пасаду новага гендырэктара ЮНЕСКА, але пасля паразы ў першым раўндзе галасавання 9 кастрычніка зняў сваю кандыдатуру.

У сваёй перадвыбарчай праграме Азулай заклікала да рэформы аператыўнага кіравання арганізацыяй, адзначаючы неабходнасць для ЮНЕСКА «дзейнічаць хутчэй, выразна і больш эфектыўна». У яе планах, з аднаго боку, шырэй працаваць з прадстаўнікамі ўрадаў і рэгіянальных уладаў, з другога - умацоўваць ролю ЮНЕСКА як міжнароднага інтэлектуальнага форуму, платформы для абмену думкамі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках