2 траўня 2024, Чацвер, 7:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На што можа паўплываць ліміт на ўвоз пасылак з-за мяжы

17
На што можа паўплываць ліміт на ўвоз пасылак з-за мяжы

Вынікі гэтых экспэрыментаў найперш адбіваюцца на шараговых грамадзянах.

Кацярына Барнукова — акадэмічная дырэктарка Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC і прафесарка Кіеўскай школы эканомікі. Мае ступень PhD in Economics (кандыдата эканамічных навук) Мадрыдскага ўніверсітэта Карласа III. Onliner.by чытае 5 гадоў.

Жарсці вакол бязмытнага ўвозу пасылак з-за мяжы кіпяць далей. Абмеркаванне сумы, якую людзі могуць выдаткоўваць на тавары, набытыя ў крамах за мяжой, не спыняецца. Дзясяткі тысяч беларусаў чакаюць станоўчай пастановы аб праекце падвышэння ліміту на бязмытны ўвоз тавараў у краіну з €22 да €200 на месяц. Разам з тым днямі стала вядома, што ў суседняй Расеі яго, наадварот, плануюць знізіць.

Калі ўспомніць, арэлі з лімітамі на паступленне пасылак з-за мяжы, што вагаюцца то ў адзін, то ў другі бок ужо далёка не першы раз. Сітуацыя змянялася ў бок росту ў 2014 годзе, пасля адбылося значнае падзенне ў 2016-м, і вось цыкл прадаўжаецца. Увесь гэты час чыноўнікі спрабуюць знайсці залатую сярэдзіну, каб абараніць айчыннага вытворцу, абмежаваць перакупшчыкаў, якія займаюцца нелегальным гандлем, і гэтак далей. Як мае быць, вынікі гэтых экспэрыментаў найперш адбіваюцца на шараговых грамадзянах.

Але давайце адкінем лозунгі і паспрабуем разабрацца, на што напраўду ўплываюць такога кшталту абмежаванні.

Паводле статыстыкі ў мінулым годзе ў Беларусь было дастаўлена крыху больш за 12 млн пасылак, і 99% з іх траплялі пад абмежаванне на €22. Мала таго, паводле звестак Мытнага камітэта, нават у пакінутым 1% было нямала пасылак, якія, фактычна, таксама не ўпісваліся ў ліміт (проста некаторым людзям прыйшло адразу некалькі пасылак за адзін месяц).

Пры дапамозе пошты людзі ўвозяць у Беларусь тавараў на суму больш за $270 млн на год, і на першы погляд гэтая колкасць здаецца велізарнай. Але не ў маштабах краіны: яна складае менш за 1% ад агульнага імпарту.

І ўжо калі казаць шчыра, я цвёрда ўпэўненая, што гэты самы 1% ніякай небяспекі для эканомікі нашай краіны не нясе. Аргумент, які часта выкарыстоўваецца ў тым, што тавары, якія прыходзяць з-за мяжы, не адпавядаюць стандартам якасці. Маўляў, калі нашы вытворцы адзення абавязаныя выконваць пэўныя нарматывы і мець сертыфікаты, то было б нядрэнна зрабіць так, каб у краіну ўвозілася як мага менш тавараў, якія гэтым патрабаванням не адпавядаюць. Мяркую, што гэта цалкам няправільная логіка, якая грунтуецца на тэарэтычных здагадках, але ёсць практыка, на якую трэба звяртаць увагу найперш.

Дык вось практыка паказвае, што людзям не патрэбныя сертыфікаты, яны гатовыя замовіць адзенне з Кітая. І мяркуючы з усяго, якасць прадукцыі іх задавальняе. Як пры гэтым абараніць айчыннага вытворцу? Элементарна! Спрасціць рэгуляванне, каб беларускія кампаніі змаглі нарэшце шыць таннае і канкурэнтаздольнае адзенне, не марнуючы час і рэсурсы на бюракратыю.

Важна разумець, што жорсткія абмежаванні на імпарт б'юць найперш па самым сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва, якія шукаюць магчымасць зэканоміць хаця б некалькі даляраў, нягледзячы на тое, што і якасць на многіх замежных пляцоўках не заўсёды гарантаваная, і чакаць пасылку часам даводзіца вельмі доўга.

Гэтак жа непераканаўча гучаць аргументы аб тым, што замежныя тавары душаць айчыннага вытворцу. Маўляў, калі не сачыць за тым, што і ў якой колькасці ўвозяць да нас, у нас не будзе развівацца ўласная вытворчасць. Сачыць, вядома, неабходна, але ў разумных межах. Усе эканамісты ведаюць: празмерны кантроль — гэта толькі на шкоду.

Вытворчасць трэба развіваць там, дзе мы больш эфектыўныя. Не варта канкураваць з Кітаем у галінах, дзе мы першапачаткова саступаем. Нават забароны на ўвоз тавараў у выніку не дадуць нічога, яны створаць толькі нездаровыя цяплічныя ўмовы, у якіх неканкурэнтаздольныя айчынныя прадпрыемствы будуць далей існаваць у становішчы «пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы», эканоміка застанецца нізкавытворнай, і ад гэтага не здабудзе ніхто. Застрэльце ўжо дохлага каня, навошта яго катаваць!

Яшчэ не перашкаджала б успомніць, што ў шматлікіх краінах ЕЗ ліміт на бязмытны ўвоз імпартных тавараў складае акурат тыя самыя €22 (дарэчы, ён распаўсюджваецца толькі на пасылкі ад камерцыйных арганізацый). Атрымліваецца, пераймаем перадавы еўрапейскі досвед?

Напраўду не. Па-першае, далёка не ўвесь еўрапейскі досвед перадавы. Па-другое, не варта блытаць велізарны, самадастатковы рынак ЕЗ з маленькім, залежным ад імпарту беларускім. Я вельмі сумняваюся, што найбліжэйшыя гады ў нашай краіне з'явіцца паўнавартаснае імпартазамяшчэнне танных кітайскіх смартфонаў. Тое ж тычыцца разнастайных дробных электронных гаджэтаў, вытворчасць якіх айчынныя прадпрыемствы наўрад ці засвояць. Ды і ці варта гэта рабіць?

І вось тут узнікае яшчэ адзін цікавы момант. Спрабуючы абмежаваць нелегальную закупку спекулянтамі танных кітайскіх тавараў, дзяржава як быццам бы агароджвае айчынны рынак ад нізкаякасных падробак (што сёння зусім ужо спрэчнае пытанне!). Але уключыўшы логіку, мы адразу зразумеем, што гэтага не адбываецца. Атрымліваецца, што на гэтыя ж тавары атрымліваюць ліцэнзіі, і пасля выплаты падаткаў яны з'яўляюцца на паліцах крам, але прадаюцца ўжо ўтрая даражэй. Затое дзяржава, змагаючыся з перакупшчыкамі, стала з імі ў чаргу за атрыманнем прыбытку з кожнага набытку.

Здавалася б, мэта дасягнутая: беларусы купляюць тавары і плацяць сваю дзесяціну ў скарбніцу. Але! Калі мы будзем купляць імпартную прадукцыю завышаным коштам, нам у тэорыі ўжо можа не ставаць рэсурсаў на набыццё прадукцыі айчынных вытворцаў — і тады ўжо пытанне, ці здабывае дзяржава ці страчвае, бачыцца нам зусім з іншага боку.

Ці не прасцей было стварыць умовы, пры якіх перакупшчыкам было б выгадна легалізаваць свой маленькі бізнэс? Думаю, што сёння акурат той самы час, калі трэба даць людзям усе магчымасці зарабіць. Расейскі досвед відавочна паказаў, што кожная палітыка жорсткага імпартазамяшчэння прыводзіць да трох рэчаў: крэветак беларускай вытворчасці, росту кантрабанды і масавай незадаволенасці насельніцтва, якому за гэтыя рэформы даводзіцца плаціць рублём і камфортам. У выніку за кошт значных намаганняў можна, вядома, падвысіць эфектыўнасць той ці іншай галіны, але гэта, напэўна, будзе часовая з'ява, якая праіснуе да таго часу, пакуль не будуць адкрытыя межы і свабодная канкурэнцыя не разарве на шматкі кампаніі, якія выраслі ў парніковых варунках.

Увогуле, годзе ўжо страляць з гарматы па вераб'ях. Калі ліміт падвысяць, колькасць пасылак, безумоўна, вырасце да, скажам, 1,5% ад агульнага імпарту. Гэта не стане для беларускай эканомікі ні трагедыяй, ні выратаваннем. Дастаткова аднойчы адрэгуляваць гэты працэс разумна, і пра яго наогул будуць мала ўспамінаць. Прапанаванае цяпер абмежаванне на бязмытны ўвоз пасылак на €200 за месяц, на мой погляд, цалкам прымальнае. Я б дадала да гэтага больш лаяльныя часовыя абмежаванні (дапусцім, прапісаўшы суму €2400 на год і канчаткова развязаўшы пытанне) і сканцэнтравалася б на больш надзённых для айчыннай эканомікі праблемах.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках