Валерый Шчукін: Калі ў Менску паставяць барыкаду, то я на ёй абавязкова буду
7- 14.11.2017, 16:01
- 38,542
Вялікія перамены заўсёды пачыналіся з энэргіі адзінак.
Сайт Charter97.org прадаўжае публікацыю серыі інтэрв'ю з людзьмі, якія стваралі «Хартыю'97».
Сёння на нашы пытанні адказвае дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання, былы палітвязень, вядомы праваабаронца і актывіст Валерый Шчукін.
- Вы былі сярод першых 100 чалавек, якія падпісаліся пад грамадзянскай ініцыятывай «Хартыя'97». Раскажыце, як усё пачыналася? Чаму вы падпісаліся пад ініцыятывай?
- Разумееце, на той момант гэта быў адзіны эфектыўны метад барацьбы і застацца ў баку проста не мог. Таму я ахвотна паставіў свой подпіс.
Прайшло ўжо 20 гадоў, таму я не памятаю ўсіх дэталяў, але, здаецца, аб ініцыятыве мне распавёў Зміцер Бандарэнка. Галоўнае - тое, што я далучыўся да яе з велізарным задавальненнем. Я нават узрадаваўся, што цяпер змагу змагацца з рэжымам паводле прыкладу Чэхаславаччыны, дзе была «Хартыя'77».
Каб было зразумела, скажу: кожную раніцу я адкрываю кампутар і першае, што набіраю - гэта сайт «Хартыя'97». Інфармацыю можна атрымаць і на іншых сайтах, але я пачынаю свой дзень менавіта з «Хартыі'97».
- Вас ведаюць як удзельніка практычна ўсіх значных акцый апазіцыі. Якое значэнне мела ініцыятыва «Хартыя'97» для беларускага супраціву?
- Вялікія перамены заўсёды пачыналіся з энэргіі адзінак. Як кажа вядомая фраза: «з іскры ўспыхне полымя». Галоўнае - каб запаленае «Хартыяй'97» полымя не згасала. Калі яно ўспыхне велізарным зарывам - ніхто яшчэ не ведае, ні вы, ні я. Самае важнае, каб гэтая іскра прадаўжала гарэць і не згасала.
Не ведаю, калі з запаленага ў 1997 годзе агеньчыка ўспыхне цяперашняе полымя, але ўспыхне дакладна. Хацелася б, вядома, дажыць да таго моманту, калі ўсё палыхне. Я не магу сам цяпер заклікаць кагосьці на барыкады: мне ўжо здароўе не дазваляе хадзіць на акцыі ў першых шэрагах, а быць у апошніх я проста не магу. Але запэўніваю вас: калі людзі паставяць барыкаду, то я на ёй абавязкова буду. Дапаўзу - але буду.
- Для таго, каб «полымя разгарэлася» - што можна зрабіць ужо сёння?
- Перастаць баяцца. Гэта самы просты шлях, хоць зрабіць гэта не так проста. Я сам памятаю тыя часы, калі на мітынгах стараўся трымацца бліжэй да назіральнікаў. Потым я зразумеў: не трэба нікуды хавацца, трэба дзейнічаць смела. Калі ўвесь народ перастане баяцца - таго, што звольняць, пасадзяць, ці яшчэ чагосьці - тады ўсё зменіцца проста на вачах.
Даведка:
10 лістапада беларускай грамадзянскай ініцыятыве «Хартыя'97» споўнілася 20 гадоў. У гэты дзень быў апублікаваны дакумент, у якім гаварылася аб тым, што трэба быць салідарнымі і супольна супрацьстаяць дыктатуры. Многія вядомыя беларусы падтрымалі ініцыятыву, сярод іх - Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін. Больш за 100 000 чалавек паставілі свае подпісы за «Хартыю».