3 траўня 2024, Пятніца, 10:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Не сып мне соль на раму: Чым будуць пасыпаць менскія дарогі зімой

Не сып мне соль на раму: Чым будуць пасыпаць менскія дарогі зімой

Менчукам абяцаюць, што новая сумесь не будзе «забіваць» іх абутак.

У 2016-м ААТ «Макрадор», вядомы вытворца асфальту для сталічных дарог, закупіў комплекс для змешвання сыпкіх матэрыялаў і прыгатавання пясчана-саляных сумесяў (ПСС). Прынцып яго працы высвятляў карэспандэнт агенцтва «Минск-Новости».

Кожную зіму дарогі горада пасыпаюць сумессю, якая складаецца з галіту (каменнай солі) і пяску. Першы з іх расплаўляе наледзь, другі прадухіляе слізгаценне. За найбольш эфектыўныя для аўтамабільных дарог уважаюцца суадносіны гэтых рэчываў 1:1. Для пешаходных дарожак можна выкарыстоўваць і больш танны рэагент, у якім галіту значна менш. Доўгі час гэтыя кампаненты змешвалі ўручную. Як вынік, на адным адрэзку праезнай часткі або ходнікаў солі было столькі, што яна не толькі раз'ядала лёд, але і псавала кузавы аўтамабіляў, абутак гараджан, а дзесьці яе не ставала і дарога заставалася слізкай. Пакуль на ААТ «Макрадор» не закупілі аўтаматызаваны комплекс.

Цяпер на прадпрыемстве актыўна ідзе вытворчасць супрацьгалалёднага матэрыялу. Падчас візіту карэспандэнта сюды прыехалі два грузавікі з цалкам запоўненым кузавам. Са слоў намесніка дырэктара ў вытворчасці ААТ «Макрадор» Рыгора Буракоўскага, пясок для стварэння сумесі прывозяць у асноўным з кар'ера «Мінскі», а галіт — з Салігорска. На тэрыторыі прадпрыемства — дзве вялікія гары, шэрая і жоўтая.

Да кожнай з іх па чарзе пад'язджае пагрузчык з каўшом, загружаецца і высыпае рэчыва ў адну з трох варанок комплексу для падрыхтоўкі рэагенту.

Іх вышыня — 3-4 метры. У першым знаходзіцца пясок, у другім — соль, у трэцім — зноў пясок.

У такой паслядоўнасці яны і ссыпаюцца на рухомую канвеерную стужку. Атрымліваецца як у трохслойным пірагу: спачатку пласт жоўтага, потым шэрага, а затым зноў жоўтага.

Далей сумесь трапляе на сіта. Усе камяні і смецце застаюцца ў спецыяльным кантэйнеры. У выніку прасейвання ПСС адпраўляецца на склады дарожных службаў Менска.

Побач з канвеернай стужкай — пульт кіравання вытворчасцю, адкуль аператар сочыць за працай комплексу.

Пацікавіўся ў спецыяліста, чаму ўстаноўка перыядычна бразгоча і як сумесь можа быць у суадносінах 1:1, калі пясок паступае з дзвюх варанок, а соль з адной?

— У кожным бункеры прадугледжаны вібратар, каб вільготны пясок або галіт не прыліпаў да сценак і не адбывалася завісання насыпной масы, — з гэтымі словамі аператар націснуў кнопку на панэлі кіравання комплексам, і адна з варанок затрэслася. — Што тычыцца суадносін рэчываў, то іх можам змяняць з дапамогай засаўкі, размешчанай унізе кожнага бункера. Там, дзе соль, яна цяпер адчыненая цалкам, а ў дзвюх ёмістасцях з пяском — толькі напалову. У выніку атрымліваецца 1:1.

Са слоў Рыгора Буракоўскага, цяпер пескасоль уважаецца за самую прыдатную сумесь для нашых дарог, бо забяспечвае найбольшую бяспеку для аўтамабіляў.

— Больш экалагічны варыянт — пасыпаць пешаходныя дарожкі дробным друзам (2-4 мм), як, напрыклад, у Нямеччыне. У прадпрыемства ёсць драбнілкі, каб рабіць такі матэрыял дробнай фракцыі. Але друз прадугледжвае шматразовае выкарыстанне. А хто і, галоўнае, як будзе вясной яго збіраць? У скандынаўскіх краінах некалькі гадоў выкарыстоўвалі такі дробны камень, але затым адмовіліся: ён забіваў ліўневую каналізацыю, — падсумаваў намеснік дырэктара.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках