Прагноз на 2018 год: Дзе і якім коштам у Менску будуць будаваць жыллё
6- 28.12.2017, 16:43
- 20,699
Чым запомніўся 2017 год, і чаго чакаць сталічнаму рынку жылля?
Сталічныя забудоўшчыкі прагназуюць, што ў 2018 годзе кошты новага жылля будуць расці, і гэта абумоўлена шэрагам аб'ектыўных і суб'ектыўных фактараў, піша realt.by.
Геаграфія новабудоўляў-2018
Са слоў аналітыка групы кампаній «А-100 Дэвелапмент» Ксеніі Хахраковай, буйны забудоўшчык будзе прадаўжаць рэалізацыю свайго маштабнага праекта «Новая Баравая». Нядаўна кампанія анансавала трэці новы «квартал-парк», які з'явіцца ў Новай Баравой. Сёння ідуць продажы кватэр у другім «квартале без аўтамабіляў» Сасновага. Сёлета побач з Менскім морам пачатае будаўніцтва квартала «Пірс».
У рамках рэалізацыі свайго маштабнага праекта «Каскад» кампанія «Юнівест-М» прыступіць да будаўніцтва медыцынскага цэнтра. Цяпер у комплексе прадаўжаецца рэалізацыя кватэр у жылых дамах, акрамя шостага.
— Як толькі пачнецца рэалізацыя праекта «Нотынгем», мы адкрыем продаж і ў шостым доме. Сродкі ад рэалізацыі кватэр будуць накіроўвацца на будаўніцтва «Нотынгема», — кажа Сяргей Капітанаў, намеснік генеральнага дырэктара групы кампаній «Юнівест-М».
Генеральны дырэктар групы кампаній «Юнівест-М» Уладзімір Здобнаў распавядае, што пакуль будаўніцтва «Нотынгема» буксуе. Адзіным заказчыкам аб'екта выступае УКБ Менгарвыканкама, які павінен забяспечыць раён забудовы інфраструктурай. Але праз дэфіцыт бюджэтных сродкаў пакуль толькі выконваюцца праектныя працы.

— Калі ўсё будзе складвацца ўдала, то ў чацвёртым квартале 2018 года мы разам з УКБ прыступім да рэалізацыі праекта. Але яго рызыкі з кожным днём павялічваюцца, — удакладняе Уладзімір Здабноў.
Са слоў кіраўніка «Айрона» Валерыя Шамрылы, у канцы гэтага года кампанія прыступіла да засваення дзвюх пляцовак, набытых на аўкцыёнах, — на вул. 2-й Шчорса (адзін дом) і на перасячэнні зав. Разінскага — вул. Шчорса (два дамы). Таксама ў канцы года пачалася рэалізацыя праекта на перасячэнні вул. Берасцейскай — Зубачова. Ужо пачатае будаўніцтва першага дома і шматузроўневага паркінга на вуліцы Зубачова. Дом плануецца да здачы ў 2018 годзе.

У новым годзе «Айран» пачне будаўніцтва 4 дамоў у квартале вул. Разінскай — зав. Зенітнага — вул. Чыгуначнай у Маскоўскім раёне.
У студзені 2018 года забудоўшчык прыступіць да будаўніцтва першай чаргі жылога 6-пад'язнога дома на пр. Дзяржынскага. Нелета ў планах таксама будаўніцтва жылога дома на зав. Ізмайлаўскім у Савецкім раёне і першага жылога квартала на вул. Нававіленскай.
Група кампаній ViVa Invest будзе весці кропкавую забудову ў Сухараве. Таксама прадоўжыцца рэалізацыя вялікага праекта ў Сцяпянцы на вул. Карвата.
ДВА «Мінскбуд» будзе асвойваць мікрараён №3 у Сухараве ў межах вул. Прытыцкага — Скрыпнікава — Адзінцова — Лабанка. Тут плануецца пабудаваць 9 жылых дамоў, 2 паркінгі, дзіцячы садок і школу.
Пачнецца асваенне і Чыжоўкі-6А. У першым мікрараёне ў межах вуліц Убарэвіча — Чыжэўскіх — Карзюкі мяркуецца будаўніцтва 7 жылых дамоў і 2 аўтастаянак. У другім мікрараёне вырастуць 5 жылых дамоў.
Якіх коштаў чакаем
Цяпепр у дамах кампаніі «Айран» можна набыць новую кватэру прыблізным коштам 2000 руб за кв. м. і вышэй
— І менш не будзе, — кажа дырэктар кампаніі. — Згодна з агучанымі звесткамі сітуацыя ў краіне паляпшаецца. Паводле прагнозаў, у 2018 годзе эканамічныя паказчыкі пойдуць уверх. Таму не бачу ніякага песімізму. На рост кошту таксама паўплывае зніжэнне агульнага ў параўнанні з папярэднімі гадамі аб'ёму новага будаўніцтва жылля. Пачынаецца рэалізацыя першых пляцовак, набытых забудоўшчыкамі на аўкцыёнах, што таксама будзе ўплываць на павелічэнне кошту. Банкі актыўна крэдытуюць будаўніцтва жылля ў рублях даступнымі стаўкамі, што дазваляе сем'ям паляпшаць жыллёвыя ўмовы.
Ці змогуць забудоўшчыкі перайсці на рубель?
Сяргей Каранько мяркуе, што курс, узяты на дэдалярызацыю ў краіне, правільны, але несвоечасовы.

— Кожны чалавек, уступаючы ў будаўніцтва, хоча ведаць, колькі будзе каштаваць ягоная кватэра праз два гады. Як можна набыць тавар, не ведаючы кошту? Сёння кватэра прадаецца адным коштам, але ніхто з забудоўшчыкаў не возьме на сябе адказнасць і не скажа, што гэты кошт будзе і праз два гады. Ніхто не ведае, якая будзе інфляцыя, стаўка рэфінансавання, сярэдні заробак. Ніводзін забудоўшчык праз паўтара года, да прыкладу, не будзе ведаць кошты вокнаў, бо субпадрадчык не будзе ведаць, якім коштам яму давядзецца набываць пластык, — разважае экспэрт.
Ён акцэнтуе ўвагу на тым, што ў будаўніцтве занадта вялікі імпартны складнік — да 80%, і кошты жылля наўпрост залежаць ад коштаў энэргарэсурсаў, якія імпартуюцца ў краіну за валюту.
— Да таго часу, пакуль наш беларускі рубель не стане свабодна канверсаванай валютай і пакуль імпартны чыннік у будаўніцтве з улікам энэргетыкі не знізіцца, нельга казаць аб коштах у рублях. У адваротным выпадку мы атрымаем яшчэ больш праблем, — удакладняе Сяргей Каранько.
Уладзімір Здобнаў падтрымлівае калегу і кажа аб тым, што ў людзей падарваны давер да рубля.