2 траўня 2024, Чацвер, 17:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жанчына з крана: Бакіеву з Кыргызстана месца дастаткова, а мне не?

25
Жанчына з крана: Бакіеву з Кыргызстана месца дастаткова, а мне не?
ФОТА: EURORADIO.FM

Мянчанка распавяла, як наважылася на пратэст супраць беззаконня.

Да дома Ігнатовічаў, які за апошнія дні прыцягнуў увагу ўсёй краіны, дабрацца не вельмі проста. Пляц здалёк абгароджаны высокім парканам, за ім бульдозеры і вежавыя краны. Да невялікага зялёнага дома вядзе ўтрамбаваная дарога. Іншых дамоў вакол ужо няма, піша «Еўрарадыё».

"Я хацела выказаць пратэст. Супраць вось гэтага ўсяго, супраць высялення ў прымусовым парадку. Супраць невыканання законаў. Як гэта можа быць, што я не магу дайсці да апошняй інстанцыі? Гэта змова нейкая", — усхвалявана пачынае расказваць Галіна Ігнатовіч пра сваю праблему і ўчарашнія прыгоды. Яна ўсміхаецца, нават жартуе, але час ад часу збіваецца на слёзы.

Вялікая сям'я Ігнатовічаў (а насамрэч ужо тры сям'і) жыве ў гэтым доме ад нараджэння. На каментары ў інтэрнэце (маўляў, спецыяльна папрапісваліся тут, каб атрымаць кватэры) рэагуюць з усмешкай і пералічваюць прозвішчы дарослых і не зусім жыхароў. Фактычна спрэчны дом падзелены на тры часткі. У дзвюх жывуць браты з сем'ямі, яшчэ ў адной — бацькі. Яны развяліся 13 гадоў таму (яшчэ адзін камень у агарод крытыкаў), але засталіся жыць у розных пакоях. Новую жонку Ігнатовіч-старэйшы прывёў толькі крыху больш за месяц таму. Аб яго нечаканым шлюбе не ведалі нават сыны.

"Я вось паднялася туды, я хацела сказаць — прачніцеся! Так жа нельга жыць, нельга сядзець і маўчаць. У свой час я магла пайсці ў прафсаюзы і папрасіць там нейкай дапамогі. Што муж мяне збівае, начальства прыгнятае, што не па законе нешта робіцца. А сёння я нікуды не магу пайсці, варыся ў сваёй кашы. Што гэта такое? Нельга так жыць", — эмацыйна расказвае Галіна Ігнатовіч пра свае прыгоды на кране.

Яе сыны і муж з перасяленнем таксама не згодныя, іх не задавальняюць прапанаваныя забудоўшчыкам варыянты. Але, здаецца, маральна яны ўсё ж падрыхтаваліся, што давядзецца пераязджаць. Маці настроеная рашуча дагэтуль, нягледзячы на атрыманыя сёння раніцай пастановы аб высяленні 7 лютага. Пенсіянерка перакананая, што пражыць у выдзеленай двухпакаёўцы разам з былым мужам і яго новай жонкай яна не зможа.

"Я не пражыву ў горадзе. Вы ж бачыце, якая цяпер аплата за камунальныя. Ну як, вы мне скажыце, як мне жыць? З голаду паміраць? Я хачу пераехаць у раён. Каб жыць на зямлі, як мае бацькі, як я жыла. Я іначай не магу, зразумейце. Калі б хацела, то даўно прадала б свой гэты дом і пераехала ў горад. І не за 145 тысяч прадала б, а за 500, як нам прапаноўвалі рыэлтары ў 2010 годзе".

Ля дома ўчастак памерам 22 соткі. Да пачатку будаўніцтва Ігнатовічы актыўна вырошчвалі тут гародніну і садавіну.

Вяртаючыся да прыгодаў на кране, Галіна Ігнатовіч згадвае пра тое, чаму вырашыла ўзяць з сабой дзяржаўны сцяг. Гаворыць, што доўга прапрацавала ва Упраўленні справамі прэзідэнта і прывыкла ўсе ўрачыстасці адзначаць разам з чырвона-зялёным сцягам. Таму калі рыхтавалася да сваёй акцыі пратэсту, то ўзяла з сабой і яго:

"Падрыхтавалася. Штаны цёплыя надзела, узяла з сабой гарбату ў тэрмасе. Таблеткі з сабой мела, насавую хустачку. Нават сцяг узяла. Я гэты сцяг заўсёды вывешваю ля дома. Калі святы, вывешваю. Вось і цяпер узяла з сабой. Лукашэнка неяк сказаў, што калі свята — трэба вывешваць. Вось я і ўзяла. Гэта ж мая краіна. Я заўсёды за краіну. У мяне ўся сям'я працоўная, мы не дармаеды... Села ўвечары і думаю: заўтра мяне высяляюць, што мне вось рабіць? Прачнулася раніцай, устала. Глянула, што мяне ніхто не бачыць, што святло нідзе не гарыць, і пайшла. Пайшла і залезла на гэты кран".

Злезці адтуль яе пераконваў сам кіраўнік міліцыі Мінска Аляксандр Барсукоў. Але Галіна Ігнатовіч яму не паверыла. Таксама расказвае, што міліцыя да яе рашэння спусціцца з крана ўвогуле не мае дачынення.

"Барсукоў мне звоніць туды, начальнік міліцыі Мінска. Гаворыць, каб спускалася, што ён пра ўсё дамовіцца, што да Шорца паедзем. Што ўсё будзе залагоджана. А я яму адказваю, што не веру. Што мяне столькі часу падманвалі, што я нават яму верыць не буду. Сказала Барсукову, каб узяў майго сына і былога мужа, хай едуць. І калі нейкае рашэнне прымуць, то я тады спушчуся. Я суіцыдам не збіралася займацца, мне Бог жыццё даў не на тое, каб я памірала. Я яшчэ да ста гадоў збіраюся пражыць. Гэта ўсё было пратэстам. А потым мне стала дрэнна. Нават не ведаю, што ім у Мінгарвыканкаме сказалі. Мне стала дрэнна. Цяпер Барсукоў расказвае, што гэта яго міліцыянеры мяне знялі. Нічога такога, я сама спусцілася. Калі гэтыя хлопцы падняліся, я ім кажу — у мяне ў кішэні валідол. Яны мне далі. Потым я ўжо сама спускалася, не трэба прыхарошваць, што мяне захапілі".

Праз тыдзень сям'ю Ігнатовічаў расселяць. Падобна да таго, што пазбегнуць гэтага цяпер амаль немагчыма.

"Качанавай вось зараз можна тут пабудаваць дом, жыць там, а мне нельга. Чаму так? Бакіеў з Кіргізіі прыехаў, яму месца хапіла. А я, беларуска, усё жыццё тут пражыла, і мне зараз месца няма, я не магу сабе выбраць нешта нармальнае. Трэба мяне некуды на Выгоцкага завезці. Дзе ні крамы, ні паліклінікі. Дзе паўтара кіламетра да прыпынку ісці пешшу", — абураецца Галіна Ігнатовіч.

На пытанне, якая грашовая кампенсацыя яе б магла задаволіць і дазволіла б жыць у прымальных умовах, пенсіянерка доўга не адказвае. Але ў выніку ўсё ж называе суму.

"Што я хачу зараз, каб быць задаволенай? Я не ацэншчык. Я не хачу завоблачных сумаў. Хай усё будзе па законе. Хай суд вырашыць... Я хачу атрымаць грошы. Магчыма, помнік пастаўлю маці з бацькам. У мяне няма. А можа, дабрачыннасцю займуся. Людзі, ну каму якая справа, чым я буду займацца? Чаму вось так? Чаму ўсяго пазбаўляюць? Ну, магчыма, 50 тысяч долараў мне было б дастаткова. Куплю домік, печку, паравое зраблю. Ведаеце, колькі гэта цяпер усё каштуе? Тысяча печка, тысяча яшчэ што. Калонку. А наняць людзей колькі каштуе? Як ім не сорамна, маючы такое будаўніцтва, з намі цягацца за тры капейкі? Мне было б сорамна", — гаворыць яна.

Галіна Ігнатовіч збіраецца ў найбліжэйшыя дні падаць у суд на кампанію "Тапас", якая дабілася высялення яе сям'і. Пенсіянерка хоча давесці, што забудоўшчык не прапаноўваў ёй ніякіх кватэр, ад якіх яна адмаўлялася. "Хай пакажуць дакумент, дзе я адмаўлялася. Абяцаюць нам адно, а робяць іншае", — гаворыць пенсіянерка. Па яе словах, ужо пасля прыгодаў на кране, у машыне хуткай дапамогі, да Галіны Ігнатовіч падыходзіў галоўны пракурор Мінска, сказаў, што ён непадкупны, і абяцаў ва ўсім разабрацца. "Вось і паглядзім", — кажа яна.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках