4 траўня 2024, Субота, 7:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што Лапшына звязвае з Беларуссю?

8
Што Лапшына звязвае з Беларуссю?

Пяць наіўных пытанняў пра скандальнага блогера.

Праз затрыманне Аляксандра Лапшына з Беларуссю спрачаліся 4 краіны – Азербайджан, Расея, Ізраіль і Арменія. Але афіцыйны Менск усё ж выдаў блогера Баку. «Салідарнасць» коратка тлумачыць падаплёку скандалу.

Хто такі Лапшын?

Ураджэнец Расеі пажыў у некалькіх краінах і мае грамадзянства РФ, Ізраіля і Украіны. Блізу 10 гадоў таму ён завёў блог, у якім апісваў свае падарожжы па краінах свету – наведаў амаль 120 дзяржаў.

Што Лапшына звязвае з Беларуссю?

Блогер рэгулярна наведваў Менск і Магілёў. Як вынікае з яго допісаў, у Беларусі ў яго жывуць сваякі. Перыядычна Аляксандр Лапшын дзяліўся ўражаннямі пра ўбачанае ў нашай краіне: пісаў пра архітэктуру, кошты прадуктаў, працу транспарту.

– Люблю прыязджаць у Беларусь, неяк міла тут усё і па-хатняму. Толькі не нагадвайце аб палітыцы, лянота яе (палітыку) абмяркоўваць, мне сваёй «палітыкі» стае ва ўсіх сферах жыцця, – пісаў Лапшын ў 2013 годзе.

Не так даўно ён анансаваў у блогу свае наступныя паездкі: 14-17 снежня – Менск, 17-22 снежня – Магілёў, 13-26 студзеня – Індыя. Ягоны візіт не павінен быў стаць сюрпрызам ні для азербайджанскіх, ні для беларускіх уладаў.

Уночы 15 снежня Лапшына павезлі з гатэля ў міліцыю, а затым у следчы ізалятар.

Якая сапраўдная прычына затрымання Лапшына?

Афіцыйна ўлады Азэрбайджану абвінавачваюць блогера ў парушэнні двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 281.2 (адкрытыя заклікі супраць дзяржавы) і 318.2 (незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Азербайджана). Многія СМІ пішуць, што прычына ў наведванні Лапшыным Нагорнага Карабаха без дазволу Баку.

Аднак там, па-відаць, хочуць адпомсціць за іншае. У Нагорным Карабаху блогер пабываў яшчэ ў 2011 і 2012 гадах. Патрапіўшы ў «чорны спіс» азербайджанскага МЗС, Лапшын знайшоў шчыліну для свабоднага наведвання гэтай краіны. Паведамляецца, што ў адным з выпадкаў на мяжы ён падаваў пашпарт з іменем «Аляксандр».

Больш таго, блогер публічна распавядаў, што падманвае сістэму. Мабыць, менавіта на гэта моцна пакрыўдзіліся азербайджанскія ўлады.

Вось што адзначае галоўны рэдактар 1news.az Рахман Гаджыеў: «У адрозненне ад шматлікіх фігурантаў «чорнага спісу» нашага МЗС, Лапшына факт унясення не толькі не засмучаў, але дзесьці нават забаўляў. У скрыншоце ягонага допісу відаць, што ён адкрыта здзекаваўся з усіх нас, радасна канстатуючы сваё 16-е месца ў «чорным спісе» і збіраючы грошы на чарговае падарожжа, каб хутчэй прасунуцца ўверх. Відавочна, што яго ўсё гэта смяшыла. Цікава, ці смешна яму цяпер?».

Але сітуацыя не будзе поўнай, калі не сказаць, што Лапшын пісаў аб тым, як абысці памежныя забароны і іншых краін. Наогул блогер часта крытыкаваў чыноўнікаў і сілавыя структуры розных краін свету за бюракратычныя перашкоды.

Лапшын негатыўна выказваўся пра Азербайджан?

Цяпер пра гэта цяжка судзіць, бо ягоныя водгукі аб наведванні Нагорнага Карабаха і некаторыя допісы пра Азербайджан схаваныя або выдаленыя.

Але з публікацый, якія засталіся ў адкрытым доступе, складваецца адваротнае ўражанне. Вось запіс ад 2011 года:

– У кожным, нават самым малым азербайджанскім горадзе вы сустрэнеце нязменныя мемарыялы загінулым у Нагорным Карабаху. На магілах заўсёды свежыя кветкі. Можна як хочаце ставіцца да той вайны, падтрымліваць абодва канфліктныя бакі, але агулам факт застаецца фактам – загінулі тысячы маладых хлопцаў з абодвух бакоў. Каго-небудзь з іх гналі сілай на вайну, хтосьці абараняў свой дом, кагосьці забілі проста за тое, што яго прозвішча заканчвалася не так, як трэба. Сутнасці ўсяго гэта не мяняе.

А вось загаловак допісу Аляксандра Лапшына за 2016 год: «Начны Баку: горад, у які я закахаўся з першага погляду».

Чаму многія карыстальнікі ўважаюць сітуацыю з абвінавачваннямі і выдачай Лапшына за ненармальную?

Таму што ў многіх падарожнікаў тэарэтычна могуць узнікнуць аналагічныя праблемы. Некаторыя беларусы таксама наведвалі Нагорны Карабах без санкцыі Баку. А яшчэ многія беларусы былі ў Абхазіі – без дазволу Тбілісі. Ну і, вядома, у Крыме – без санкцыі Кіева. У гэтай сувязі пастанова афіцыйнага Менска аб выдачы Лапшына, якому цяпер пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі, выглядае вельмі дзіўна.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках