Сям'ю з шасці чалавек высяляюць з прыватнага дома ў Драздах
32- 21.02.2017, 16:35
- 24,960
Чыноўнікам спадабалася месца не беразе вадасховішча.
Сям'ю з шасцярых чалавек збіраюцца перасяліць з прыватнага дома на беразе вадасховішча «Дразды» ў двухпакаёвую кватэру. Чыноўнікам тут будаваць катэджы можна, а вось зямля і дом простых людзей спатрэбіліся «для дзяржаўных патрэб».
Менскія гарадскія ўлады чарговым разам праявілі «шчыры клопат аб людзях». Прыкрываючыся безадказнай фармулёўкай «для дзяржаўных патрэб», чыноўнікі надумалі выселіць з роднага дома сям'ю з шасці чалавек, піша belaruspartisan.org.
Сам дом плануецца знесці, а на яго месцы дазваляецца пабудаваць...Не, не лякарню, не паліклініку, не дзіцячы садок, а новы дом, прасцей кажучы, катэдж, куды змогуць уехаць іншыя людзі, якія набылі зямлю на аўкцыёне...
Родны дом Аляксандра Анатольевіча Плаксёнка быў пабудаваны яшчэ да вайны – у 1939-м. Тут жыла ягоная прабабуля, бацькі, тут усё жыццё пражыў ён сам. Цяпер разам з ім, у доме на менскім праездзе Веснінка жывуць дзве ягоныя дачкі, зяць і дзве непаўналетнія ўнучкі.
І, напэўна, гэтая сям'я спакойна б жыла тут і далей, калі б дом знаходзіўся ва ўсякім іншым раёне беларускай сталіцы. Але стаіць гэты звычайны, нічым не варты ўвагі дом на беразе вадасховішча Дразды, побач з катэджамі насельнікаў «царскага сяла» -- людзей, якія прадстаўляюць сучасную беларускую «эліту», у тым ліку і ўладную.
Парадокс сітуацыі палягае ў тым, што «для дзяржаўных патрэб» менскім уладам спатрэбіўся адзін-адзіны зямельны пляц. Хутчэй за ўсё, камусьці спадабалася гэтая зямля на беразе Драздоў, і гэты «хтосьці» мае нядрэнныя сувязі ва ўладных структурах. Таму што дамагацца высялення людзей было наважана праз суд, замест таго, каб дамовіцца аб продажы пляцу наўпрост.
- Управа капітальнага будаўніцтва Цэнтральнага раёна Менска падала пазоў у суд аб высяленні нашай сям'і, -- распавядае Андрэй Касцюк – зяць Аляксандра Плаксёнка. -- Скажу адразу, мы катэгарычна не згодныя куды-небудзь пераязджаць. Мы адмаўляемся ад высялення і маем на гэта законнае права. Сталі разбірацца ў сітуацыі, вывучылі план дэталёвай планіроўкі. Высветлілі: меншая частка пляцу, на якім стаіць дом, сапраўды трапляе пад ландшафтна-рэкрэацыйную зону, а большая частка знаходзіцца ў рэканструяванай зоне прыватнай забудовы. Прасцей кажучы, мы гатовыя за свой кошт знесці стары дом, і калі ўжо для чыноўнікаў так важна, то пабудуем там новае жыллё.
Цяпер жа нас спрабуюць выселіць праз суд, прапаноўваючы ўсім шасцярым пераехаць у двухпакаёвую кватэру на вуліцы Карскага. Дарэчы, прадстаўнікі УКБ сцвярджаюць, што я са сваёй сям'ёй там не пражываю, а прапісаўся туды сам і прапісаў сваіх дзяцей толькі для таго, каб атрымаць у якасці кампенсацыі ад дзяржавы «лішнія квадратныя метры», хоць яшчэ раз паўтару – ні двух, ні трох, ні пяціпакаёвая кватэра нам не патрэбныя, бо мы хочам жыць там, дзе жылі ўсе гэтыя гады.
Для старэйшага ў сям'і Аляксандра Плаксёнка – пераезд з роднага дома ў выдзеленую дзяржавай кватэру таксама непрымальны.
- Вы зразумейце, гэта ўсё роднае. Я памятаю тыя часы, калі Веснінка была простай вёскай, якая не ўваходзіла ў Менск. Гэта апошні час раён стаў уважацца за «элітны». На нашай вуліцы блізу дзясятка катэджаў, у якіх жывуць высокапастаўленыя чыноўнікі. Яны там будуюцца ўзмоцненымі тэмпамі. Праз гэтае будаўніцтва ў нас на вуліцы «зрэзалі» дзве калонкі з вадой – каб прыгатаваць паесці, суп зварыць, хаджу па ваду за кіламетр – на суседнюю вуліцу, а ваду для таго, каб памыць бялізну, набіраю з возера. Акрамя таго, праз гэтае будаўніцтва ў маім доме часта знікае электрычнасць. Ну і як у такіх варунках унучкам жыць. Адной два гадкі, другая крыху старэйшая. Я прапанаваў дачцэ з зяцем і дзецьмі, хаця б у зімовы перыяд жыць у менскай кватэры майго бацькі. Ну і аднойчы камісія прыходзіла, не заспелі іх дома і зрабілі выснову, што яны са мной не пражываюць...
Наогул, гэтага судовага разбору магло б і не быць, калі б чыноўнікі выконвалі, напісаныя імі ж законы.
Такім чынам, што ж напісана ў Законе? А ў Законе напісана, што мінімум двойчы чыноўнікі павінны былі пакінуць сям'ю Аляксандра Плаксёнка ў спакоі. Цытуем: «Тэрмін, вызначаны ў пастанове аб адабранні зямельнага надзела не можа перавышаць двух гадоў з дня яго прыняцця. Пасля заканчэння названага тэрміну пастанова аб адабранні зямельнага пляцу ўважаецца за страціўшую дзеянне».
Прынятая ў 2012-м годзе пастанова Менгарвыканкама пратэрмінаваная ўжо два разы – у 2014 і ў мінулым гадах.
Аднак, у судзе Цэнтральнага раёна, дзе адбылася папярэдняя сустрэча бакоў для высвятлення іх пазіцый, прадстаўнік УКБ пазовы падтрымаў напоўніцу, намагаючы на высяленні адказчыкаў. Перасяліць іх гатовыя ў двухпакаёвую кватэру плошчай 49 квадратных метраў.
У сваю чаргу адвакат Аляксандра Плаксёнка ўпэўнены: «На сёння пазовы незаконныя і наогул адсутнічаюць падставы для звароту ў суд».
Так ці інакш, суд прыняў на разгляд гэтую справу. Якім будзе вердыкт – пакажа час. А для даведкі адзначым. Горад даўно «наступае» на жыллё Аляксандра Плаксёнка. Частку ягонага агарода ўжо забралі раней нібыта для «будаўніцтва трансфарматарнай падстанцыі». Праўда, у выніку на тым месцы заліты падмурак для ўзвядзення жылога дома, мабыць, для аднаго з высокіх чыноў...