3 траўня 2024, Пятніца, 3:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Рыа-дэ-Жанэйра стартаваў карнавал

У Рыа-дэ-Жанэйра стартаваў карнавал
ФОТА: REUTERS

Афіцыйнае адкрыццё карнавалу адбылося ў пятніцу ў Рыа-дэ-Жанэйра.

Паводле традыцыі гэтая падзея была адзначаная перадачай сімвалічнага ключа ад горада каралю Момо – персанажу, які ўвасабляе вобраз гаспадара свята. На гэтую адказную ролю адмысловае журы штогод выбірае высокага і тоўстага мужчыну з некалькіх дзясяткаў прэтэндэнтаў, паведамляе ТАСС.

Галоўнай інтрыгай урачыстай цырымоніі стала пытанне пра ўдзел у ёй мэра Рыа-дэ-Жанэйра Марселу Крывелы – былога пастара евангелічнай царквы, які ўступіў на пасаду ў студзені. Негатыўнае стаўленне кіраўніка горада да свята, якое мае паганскае паходжанне і суправаджаецца танцамі ў адкрытых строях, шырока абмяркоўвалася ў бразільскім грамадстве за апошнія тыдні. Цягам дзясяткаў гадоў ключ ад Рыа-дэ-Жанэйра каралю Момо ўручаў менавіта мэр, але Крывела парушыў традыцыю. Пасля доўгіх ваганняў і супярэчлівых заяваў пра магчымасць свайго ўдзелу новы кіраўнік горада не прыйшоў на адкрыццё карнавалу.

Паколькі пра пастанову мэра стала вядома ў апошні момант, цырымонія перадачы ключа каралю Момо пачалася з пяцігадзінным спазненнем. Увесь гэты час журналісты, артысты і музыканты аркестра муніцыпальнай гвардыі, якія паводле традыцыі выконваюць гімн горада ў момант адкрыцця свята, чакалі з'яўлення кіраўніка горада. У выніку замест мэра ключ ад горада каралю Момо ўручыла міністарка культуры муніцыпальнага ўрада Нілсемар Нагейра.

Фото: AP Photo/Mauro Pimentel

Іншай навіной стала месца правядзення цырымоніі. Калі ў апошнія гады яна праходзіла насупраць будынка мэрыі Рыа-дэ-Жанэйра, то на гэты раз адкрыццё карнавалу было арганізаванае непасрэдна на самбадроме «Маркіз дэ Сапукаі» – выцягнутай на 700 метраў пляцоўцы з трыбунамі паабапал.

Менавіта гэты будынак, спраектаваны ў 1980-я гг. знакамітым бразільскім архітэктарам Оскарам Німеерам, служыць сцэнай для цэнтральнай падзеі свята, якое праславіла Рыа-дэ-Жанэйра на ўвесь свет. Гаворка ідзе пра конкурс – парад школаў самбы, якія на аналогію з футбольнымі камандамі дзеляцца на лігі. Прадстаўнікі найвышэйшай спецыяльнай лігі – усяго 12 школаў самбы – у найбліжэйшыя дні будуць чарговы раз змагацца за званне пераможцы карнавалу. Ацэньваць выступленне кожнага калектыву будзе журы, якое складаецца з вядомых грамадскіх дзеячаў, музыкаў, артыстаў, мастакоў, архітэктараў і журналістаў.

Школы спецыяльнай лігі выйдуць на самбадром у нядзелю і панядзелак, а ў пятніцу і суботу там праходзяць шэсці калектываў катэгорыі «А». Вынікі галасавання будуць вядомыя ў дзень афіцыйнага заканчэння карнавалу. Гаворка ідзе пра так званую Папяловую сераду, якая супадае з пачаткам каталіцкага Вялікага посту і сёлета прыпадае на 1 сакавіка. Аднак шэсць школаў самбы, якія атрымалі найбольш высокія адзнакі суддзяў, змогуць яшчэ раз паказаць сваё мастацтва на самбадроме – 4 сакавіка там пройдзе так званы парад пераможцаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках