3 траўня 2024, Пятніца, 2:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пінчук браў банкаўскія крэдыты і прайграваў у букмекерскіх канторах

8
Пінчук браў банкаўскія крэдыты і прайграваў у букмекерскіх канторах

У злачынную схему гульняман залучыў восем чалавек, якія ўзялі для яго крэдытаў на 100 мільёнаў недамінаваных рублёў.

Як распавёў «Медыя-Палессі» памочнік пінскага міжраённага пракурора Аляксандр Плескацэвіч, гаворка ідзе пра 41-гадовага пінчука, які працаваў грузчыкам у адной з гандлёвых арганізацый горада. Мужчына жанаты, мае тры судзімасці, звязаныя з атрыманнем субсідый і крэдытаў, падробкай дакументаў і здзяйсненнем ашуканскіх дзеянняў.

- Шмат грошай мужчына спускаў на стаўках на спартовых таталізатарах, - распавядае Аляксандр Плескацэвіч. - У асуджанага быў адкрыты рахунак у адной з букмекерскіх кантор. І, напрыклад, з лютага да сакавіка 2016 года ён гуляў практычна штодня і часцей за ўсё прайграваў.

Для новых ставак патрэбныя былі грошы, і мужчына наважыў здабыць іх, выкарыстоўваючы наяўны ў яго статус ІП. Прадпрымальніцтва ён адкрыў пятнаццаць гадоў таму, але дзейнасці не вёў.

Гульняман аформіў ліпавыя даведкі аб даходзе і адправіўся па крэдыт у банкі. Спачатку яму ўсюды адмаўлялі, ягоныя заяўкі не прапускала служба бяспекі. Але ў горадзе з'явіліся аддзяленні новых банкаў, якія не так строга падыходзілі да пытання выдачы крэдытаў, таму некалькі разоў грошы ён атрымаў.

- Акрамя таго, зламыснік прыцягнуў да атрымання банкаўскіх крэдытаў сваіх знаёмых. У асноўным гэта былі жанчыны без працы, - распавядае працаўнік пракуратуры. - Махляр абяцаў іх працаўладкаваць, але спачатку прасіў узяць для яго крэдыт за ўзнагароджанне, і жанчыны згаджаліся. На просьбітаў крэдыту ён афармляў ліпавыя даведкі аб даходах і разам з імі прысутнічаў у банках на гутарках пры афармленні заяўкі на крэдыт (ён падказваў сваім знаёмым, што трэба казаць банкаўскаму клерку).

Такім чынам, мудрагелісты пінчук займеў блізу 100 мільёнаў недамінаваных рублёў. Ільвіная частка грошай ішла на стаўкі у букмекераў, астатняе мужчына марнаваў на сябе і ўносіў сродкі на выплату ўзятых крэдытаў.

- У адным з банкаў схема не спрацавала. Супрацоўніца банка адчула нядобрае і паведаміла ў службу бяспекі, там ёй даручылі цягнуць час. Хутка прыбылі супрацоўнікі АБЭЗ і затрымалі крэдытаатрымальніка, несапраўдны ІП дагэтуль паспеў сысці, але і яго неўзабаве знайшлі і затрымалі, - распавёў Аляксандр Плескацэвіч.

У дзеяннях затрыманага былі ўгледжаныя прыкметы ашуканскіх дзеянняў, бо ён не меў такога даходу, каб вяртаць узятыя крэдыты.

У выніку была распачатая крымінальная справа паводле ч.2 арт.380 КК РБ «Падробка, выраб, выкарыстанне альбо збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў» за ліпавыя даведкі аб даходах і паводле арт.209 КК РБ «Замах на махлярства» (за тыя выпадкі, калі яму было адмоўлена ў атрыманні крэдыту) і «Махлярства» (у выпадку атрымання грошай у банку).

Суд горада Пінска і Пінскага раёна прызнаў падазраванага вінаватым і пакараў чатырма гадамі пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму.

Памочнік пінскага міжраённага пракурора Аляксандр Плескацэвіч падкрэсліў, што асобы, якія звярталіся па крэдыт з фальшывымі даведкамі, асуджаныя паводле арт.380 КК РБ «Падробка, выраб, выкарыстанне альбо збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў» і, акрамя таго, павінны будуць выплаціць атрыманыя крэдыты банкам.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках