2 траўня 2024, Чацвер, 19:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто і як рыхтаваў пераварот у Крыме

21
Хто і як рыхтаваў пераварот у Крыме

Пастанову аб анэксіі Крыму прыняў адзін чалавек - Уладзімір Пуцін.

Дэпутат падкантрольнага Крамлю парламента Севастопаля Аляксей Чалы заявіў расейскаму выданню ТАСС, што прарасейскія сілы рыхтавалі ў горадзе пераварот у 2004 і 2008 гадах. У першы раз - у сувязі з «аранжавай рэвалюцыяй», у другі - калі экс-прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка загадаў не пускаць у Севастопаль караблі Чарнаморскага флоту, якія бралі ўдзел у расейскай ваеннай аперацыі ў Абхазіі. Пры гэтым Аляксей Чалы сцвярджае, што ні пра якую дапамогу з боку Расеі ён не дамаўляўся. Усё гэта ў выніку не перашкодзіла расейскім вайскоўцам адыграць ключавую ролю ў анэксіі Крыма ў 2014 годзе, як пазней прызнаў сам прэзідэнт Уладзімір Пуцін, паведамляе «Радыё Свабода».

Журналіст Віталь Портнікаў мяркуе, што Аляксей Чалы амаль не хітруе, калі адмаўляе існаванне плана агрэсіўнага захопу Крыма:

- Пастанову аб анэксіі Крыма прыняў адзін чалавек - Уладзімір Пуцін, прычым у ноч з 22 на 23 лютага 2014 года, без узгаднення з астатнім расейскім кіраўніцтвам. Прэзідэнт імпульсіўна наважыў, што толькі так зможа паправіць свой рэйтынг, які пахіснуўся. Пры гэтым план спецаперацыі ў Крыме рыхтаваўся з першага дня хваляванняў ва Украіне. Але гаворка ішла не ўласна аб анэксіі, гэта значыць, аб уключэнні паўвострава ў склад Расеі - а аб стварэнні ачага нестабільнасці паводле прыкладу Прыднястроўя і Абхазіі з Паўднёвай Асеціяй. Мы можам меркаваць пра гэта хаця б з таго, што расейскае заканадаўства не прадугледжвала далучэння Крыма як былога рэгіёну Украіны - толькі як псеўданезалежнай дзяржавы.

Палітолаг Тарас Беразавец адзначае, што Аляксей Чалы сваімі смелымі выказваннямі можа паставіць сябе пад удар з нечаканага боку:

- Нагадаю, што так званы медаль «За вяртанне Крыма» датаваны 20 лютага 2014 года, гэта значыць, да таго, як Уладзімір Пуцін нібыта прыняў лёсавызначальную пастанову. Што да слоў Аляксея Чалага аб папярэдніх планах зладзіць пераварот у Севастопалі - я ўважаю іх за чыстую праўду. Больш за тое, я прыйшоў да высновы, што Аўтаномную Рэспубліку Крым стваралі ў пачатку 1990-х менавіта з прыцэлам на будучую магчымую анэксію. З іншага боку, Аляксей Чалы выказаўся вельмі смела і патэнцыйна паставіў сябе пад удар. Я маю на ўвазе не міжнародныя санкцыі, а загадкавыя смерці розных расейскіх генералаў і іншых удзельнікаў так званай «расейскай вясны», якія занадта шмат ведалі пра тыя падзеі.

Тарас Беразавец рэзюмуе, што Украіна ў 2014 годзе наўрад ці магла прадухіліць захоп Крыма, нават ведаючы пра планы Расеі загадзя:

- У 1995 годзе Украіне ўдалося прадухіліць сцэнар анэксіі пасля абрання прэзідэнтам Крыма Юрыя Мяшкова - спецслужбы тады дзейнічалі жорстка і разам з тым у рамках прававога поля. На жаль, з часам гэтыя спецслужбы дэградавалі, асабліва ў прэзідэнцтва Віктара Януковіча: туды заслалі расейскіх агентаў, падарвалі працу знутры. У 2014 годзе гэта прывяло да паралюшу сілавых структур. Раніцай 27 лютага, пасля захопу Савета міністраў Крыму расейскім спецназам трэба было ісці на штурм - толькі так можна было б прадухіліць анэксію. Зрэшты, у тых варунках, пры гатоўнасці расейцаў адкрываць агонь на паразу ва Украіны ўжо амаль не заставалася шанцаў сарваць спланаваную спецаперацыю Крамля.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках