26 снежня 2024, Чацвер, 15:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таццяна Кебікава: 25 сакавіка адправім Лукашэнку і ўрад у адстаўку!

50
Таццяна Кебікава: 25 сакавіка адправім Лукашэнку і ўрад у адстаўку!
ФОТА: KP.BY

Беларусам зноў дадзены шанец змяніць ход гісторыі.

Пра гэта ў «Фэйсбуку» напісала апазіцыйная актывістка Таццяна Кебікава.

Мне добра запомніліся першыя прэзідэнцкія выбары. Мне было дзевяць год. У нашай вясковай хаце запанавала свята – нарэшце свая краіна, нарэшце самі сабе гаспадары. На першы тур, бацькі нам, дзецям, купілі вялізную каробку зефіру ў шакаладзе. На другі тур – зефіру ўжо не было, і свята не было. Надзея, што так высока ўзляцела і паклікала за сабою маіх бацькоў – паляцела ў іншы край. Бабуля спадзявалася, што Лукашэнку хутка абвесцяць імпічмент. Яна цяжка хварэла, але вельмі хацела ўбачыць свабодную і заможную Беларусь. Бабуля памерла ў 99 годзе. Мне было 14. Зараз мне 32. За спінаю засталася Плошча-2006. Страчаная надзея ў 2010, калі мяне на Плошчы не было.

І я ўсё пытаюся ў сябе, а калі б была і я? Тысячы такіх як я?

Таму я зараз звяртаюся ў першую чаргу да тых, хто зняверыўся, стаміўся. Нам зноў дадзены шанец змяніць ход падзей. Другі такі шанец можа з’явіцца толькі праз шмат гадоў. Не час адседжвацца дома, не час казаць, што я ўжо паслужыў, зрабіў свой унёсак. Тысячы складаюцца з адзінак. Можа гэтым разам не хопіць акурат цябе?

Я звяртаюся да тых, хто глядзіць трансляцыі он-лайн, хто, чакае перамен і спадзяецца, што хтосьці іх зробіць. Ніхто не зробіць іх за вас! Толькі супольнымі намаганнямі можна дасягнуць выніку.

Я звяртаюся да тых, хто баіцца. Не бойцеся. Натоўп рассмоктвае страх. А адседка на соднях не страшна. Гэта толькі яшчэ адзін досвед, пра які вы раскажаце многім.

Абурэнне мінаецца хутка, замяшчаецца глыбокай апатыяй. Калі мы ўпусцім час і не скажам гэтаму рэжыму годзе, то мы і далей будзем з горыччу хаваць сваіх блізкіх, якія так і не ўбачылі свабоднай і заможнай краіны.

А таму, сябры, усе хто зняверыўся, хто вагаецца, баіцца, спадзяецца на іншага. Знайдзіце ў сабе сілы, знайдзіце мужнасць, каб 25 сакавіка, шматмільённым голасам сказаць Лукашэнку і ягонаму ўраду - ідзіце ў адстаўку. Мы мусім дабіцца свабодных і дэмакратычных выбараў.

Час забыцца на страхі, час дзейнічаць».

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках