Беларусы прайшлі ў фінал «Еўравізіі-2017»
82- 12.05.2017, 0:18
- 48,048
(абноўлена) Гурт NaviBand выступіць трэцім у фінале «Еўравізіі» 13 траўня.
Другі паўфінал «Еўравізіі-2017» завяршыўся ў Кіеве. Свае нумары прэзентавалі канкурсанты з 18 краін.
Беларускі гурт NaviBand з кампазіцыяй «Гісторыя майго жыцця» выступіў пад нумарам 14 і паводле вынікаў галасавання выйшаў у фінал песеннага конкурсу. Упершыню беларускія выканаўцы прэзентавалі песню на роднай мове.
Ну хорошо же! pic.twitter.com/pJj5XFJRNa
— Чай з варэннем (@belteanews) 11 May 2017
З 17 спаборнікаў беларусаў у фінал таксама прайшлі выканаўцы з Балгарыі, Харватыі, Даніі, Вугоршчыны, Ізраіля, Румыніі, Нарвегіі, Нідэрландаў, Аўстрыі.
Паўфінальную стадыю прапускалі прадстаўнікі «Вялікай пяцёркі» (заснавальнікі «Еўравізіі») – Вялікабрытанія, Францыя, Гішпанія, Італія і Нямеччына. Усе яны прайшлі ў фінал па-за конкурсам, як і ўкраінскі гурт O. Torvald (на правах прымаючай краіны).
Такім чынам, у фінале конкурсу, які адбудзецца 13 траўня, змагацца за званне пераможцы песеннага конкурсу ў 2017 годзе будуць удзельнікі ад: Малдовы, Азербайджана, Грэцыі, Швецыі, Партугаліі, Польшчы, Арменіі, Аўстраліі, Кіпра, Бельгіі, Украіны, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Гішпаніі, Італіі, Францыі, Балгарыі, Беларусі, Харватыі, Вугоршчыны, Даніі, Ізраіля, Румыніі, Нарвегіі, Нідэрландаў, Аўстрыі.
«Мы змаглі давесці многім, што ў беларускай мове ёсць сіла. Хто б што ні казаў, мы ідзем сваім шляхам, верым у яго, і ў нас атрымліваецца. Мы ні на што не разлічваем у фінале. Але гэтак жа выйдзем і будзем атрымліваць задавальненне. Мы рады, што зрабілі столькі людзей шчаслівымі», - заявілі на прэс-канферэнцыі Ксенія і Арцём. Музыкі падзякавалі сваім бацькам, а таксама прыхільнікам, якія на працягу «Еўравізіі» іх шчыра падтрымлівалі.
Фінал «Еўравізіі-2017» пройдзе ў суботу 13 траўня. Беларусы выступяць пад трэцім нумарам.