2 траўня 2024, Чацвер, 12:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навошта за бюджэтныя грошы выпісваюцца «Стыльныя прычоскі» і «Караван гісторый»

8
Навошта за бюджэтныя грошы выпісваюцца «Стыльныя прычоскі» і «Караван гісторый»
ФОТА З САЙТА NN.BY

У «ідэалагічны камплект» беларускіх дзяржустаноў уваходзіць і абавязковая падтрымка айчыннай прэсы.

Хочаш ці не – але выпісвай. Прычым калі настаўнікаў прымушаюць падпісвацца на «Настаўніцкую газету» за ўласныя грошы, то дзяржаўныя ўстановы да таго ж яшчэ масава закупляюць стосы ўсялякіх газетаў і часопісаў. На перыядычныя выданні дзяржаўнымі арганізацыямі выдаткоўваюцца велізарныя грошы – лік ідзе на тысячы даляраў, піша nn.by.

Інфармацыя пра падпіску ёсць у адкрытым доступе. Прагледзеўшы сайты дзяржзакупак, можна зрабіць цікавыя высновы.

Напрыклад, Акадэмія МУС выдаткоўвае на прэсу 18 тысячаў рублёў (каля $ 9 тысячаў). І гэта толькі на другое паўгоддзе 2017 года. Адпаведна, за год сума падвойваецца.

Акадэмія МУС выпісвае 146 беларускіх выданняў і 105 – расейскіх.

Прычым выпісваецца абсалютна ўсё. Калі можна яшчэ зразумець шырокі шэраг профільных выданняў, то некаторыя найменні выклікаюць здзіўленне. Навошта Акадэміі МУС, напрыклад, расейскі жаночы часопіс «Караван гісторый»?

Ну і не забываймася пра стандартны набор дзяржаўных газетаў: «Рэспубліка», «Советская Беларуссия» ці «Звязда».

«Усе выданні неабходныя для навучальнага працэсу», – запэўнівае Жана Швед, загадчык бібліятэкі Акадэміі МУС.

Праўда, растлумачыць, хто фармуе спіс і як у навучальным працэсе будучага міліцыянта выкарыстоўваюць часопіс «Караван гісторый», Жанна Швед не змагла.

«Спіс фармуюць людзі, якія зацікаўленыя ў гэтым часопісе. Увогуле, што вы хочаце? Я не хачу гаварыць на гэтую тэму, гэта нашы працоўныя моманты», – сказала Швед.

Увогуле, сілавікі на прэсе не эканомяць. Забяспечваюць свежымі газетамі і будучых прапаршчыкаў.

114-я Гвардзейская школа падрыхтоўкі прапаршчыкаў і спецыялістаў харчовай службы выдаткоўвае 19.804 рублі (блізу $ 10 тысячаў) на 330 выданняў.

Акадэмія кіравання пры прэзідэнце выпісвае блізу сотні выданняў. Сума – 17 тысячаў рублёў (больш за $ 8 тысячаў).

Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка выдаткоўвае на перыядычныя выданні блізу 300 тысячаў рублёў за паўгоддзе ($ 150 тысячаў). У пераліку – блізу 800 выданняў. Здавалася б, абсалютна лагічна – каму ж яшчэ выпісваць перыёдыку, калі не бібліятэцы? Але давайце паглядзім, што за выданні.

Часопісы «J & W / Ювелірныя ўпрыгажэнні і гадзіннікі. Jewels & Watches»,«Fashion Collection», Harper's Bazaar, «Sandra. Вязанне», «Susanna-рукадзелле», «Wedding (Вяселле)». А ці патрэбен тэхнічнай бібліятэцы часопіс «Стыльныя прычоскі»?

Пры гэтым задача тэхнічнай бібліятэкі сфармуляваная наступным чынам: «Фармаванне найбольш поўнага ў рэспубліцы фонду айчыннай і замежнай літаратуры ў тэхніцы, тэхналогіі, эканоміцы прамысловасці і сумежных галінах, фонду патэнтавых, нарматыўных дакументаў у стандартызацыі і прамысловых каталогаў».

Ну і, натуральна, не адстаюць і чыноўнікі.

Адміністрацыя Ленінскага раёна Менска – 9500 рублёў (блізу $ 5 тысячаў). Навошта? Першамайскі раён – 6800 рублёў (блізу $ 3,5 тысячы). Савецкі раён – 12 тысячаў рублёў ($ 6,5 тысячы).

Тое самае і ў рэгіёнах. Напрыклад, адміністрацыя Ленінскага раёна Бабруйска выдаткоўвае 6800 рублёў ($ 3,5 тысячы). Адміністрацыя Навабеліцкага раёна Гомеля – 2 тысячы рублёў (блізу $ 1000).

«У адміністрацыі павінна быць падпіска на розныя выданні. Чаму вы мяркуеце, што яны не спатрэбяцца»?

Гэтая сума – тая, на якую мы разлічвалі. Але, магчыма, падпіскі не будзе, паколькі дрэнна фінансуюць сёлета. Пакуль мы спланавалі бюджэт толькі на выданні, якія нас як орган кіравання прымушаюць выпісваць. Гэта дзяржаўныя газеты: «Советская Беларуссия», «Рэспубліка», плюс гарадскія газеты. Нам рэкамендуюць падпісвацца на гэтыя выданні. Але фінансаў мала, таму паглядзім пазней, ці будзе падпіска, – патлумачыла Іна Нікітка, галоўная бухгалтарка адміністрацыі Ленінскага раёна Бабруйска.

Жанчына настойвае, што ўся прэса чыноўнікам неабходная.

«Вядома, нашы супрацоўнікі чытаюць газеты. Яны выступаюць у калектывах, праводзіцца ж ідэалагічная праца, вядзецца метадычнае кіраўніцтва рознымі пытаннямі. Чытаюць усе раздзелы: і заканадаўчыя акты, і што адбываецца ў свеце, і ў краіне. У кожнага ёсць свае абавязкі, і ў рамках гэтага структурныя падраздзяленні выпісваюць выданні», – паведаміла Нікітка.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках