2 траўня 2024, Чацвер, 12:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Як так можна подла хлусіць?!»

8
«Як так можна подла хлусіць?!»
ФОТА: BELSAT.EU

Жыхарку Ваўкавыска будуць судзіць за каналізацыю, якую пабудаваў завод 25 гадоў таму.

У дачыненні да шматдзетнай жыхаркі Ваўкавыска Ганны Садоўскай, дом якой хочуць разбурыць, распачатая адміністрацыйная справа.

25 гадоў сям'я Садоўскіх у Ваўкавыску карысталася каналізацыяй, падключанай да дома, які быў выдадзены заводам «ВолМет» у 91-м годзе. Сям'я прыватызавала дом у 1994 годзе разам з усімі выгодамі і паслугамі. Аднак 20 траўня Ганне Садоўскай прыйшла позва ў суд, які пагражае жанчыне штрафам ад 20 да 50 базавых велічыняў. Абвінавачваюць Ганну Францаўну ў тым, што яна самавольна падключыла каналізацыю ў ліўнёўку і тым самым забруджвае раку, паведамляе «Белсат».

«Нам рахунак быў выдадзены і мы аплачвалі яго кожны месяц цягам 25 гадоў. І тут усплыло. Чаму ўсе гэтыя органы, якія адказваюць за гэтую структуру, раней гэтага не бачылі? Водаканал выдаваў дазвол, тэхдамову. А цяпер яны мяне абвінавачваюць! Мяне выклікаюць і складаюць пратакол», – тлумачыць Ганна Садоўская.

«Не хочаце дом разбураць, плаціце за каналізацыю!»

Сама Ганна Францаўна мяркуе, што справа адмыслова фабрыкуецца, таму што ўлады хочуць знесці іх дом. Амаль месяц таму «Белсат» публікаваў гісторыю сям'і Садоўскіх. Шматдзетная сям'я жыве ў сутнасці трыма сем'ямі (разам з бацькамі жывуць сын з жонкай і дачка з мужам) у трох пакойчыках у доме, які выдаў завод. У 2016 годзе сям'я ўзяла велізарны крэдыт, каб пабудаваць яшчэ адзін дом на тэрыторыі іх уласнага гароду. Як высветлілася, праз памылку «Водаканала», сям'я пабудавала скрынку дома на трубе – цэнтральным вадаправодзе Ваўкавыска. Пасля зваротаў у адміністрацыю Лукашэнкі з аблвыканкама прыйшла пастанова вывесці трубу з-пад надзелу. Аднак выконваць пастанову мясцовыя ўлады не спяшаюцца. Замест таго, мясцовыя чыноўнікі спрабуюць зрабіць вінаватымі Садоўскіх.

Аднак, улічваючы, што ў сям'і ёсць усе неабходныя дакументы, якія пацвярджаюць іх невінаватасць, відавочна, што мясцовыя ўлады пастанавілі іншым шляхам «націснуць» на Садоўскіх, мяркуе Ганна.

«15 сакавіка нас затапіла. Мы ўключылі машынку кіпяціць бялізну, і ўсё на дом пайшло. Мы не зразумелі, што адбываецца. А напярэдадні я заўважыла, што хадзілі супрацоўнікі ЖКГ. Мы мужа паклікалі, каб ён прабіў каналізацыю, а яно не ідзе. Наадварот, яшчэ больш вады. Фекаліі на дом выбівае. Муж пайшоў паглядзець – забілі каналізацыю нам. Тут субота-нядзеля, не ведаем, што рабіць. У панядзелак пабеглі ў Водаканал. І тут пачынаецца. Я пішу заяву: на якой падставе мне адключылі каналізацыю? Я плачу штомесяц. Водаканал мне дае адказ, што праводзіліся працы, і мы заўважылі, што ідуць фекаліі ў каналізацыю. Дырэктар мне піша, нібыта «выпадкова» заўважылі. Хоць у таго ж дырэктара Водаканала ёсць здымка. Вы ўяўляеце як? Дурніцу робяць з мяне. Мне Сахацкі яшчэ раней сказаў, што вы адкажаце яшчэ за тое, што падключылі каналізацыю ў ліўнёўку самавольна. Я кажу: не! Ужо вы адкажаце, але не я. У мяне дакументы ёсць, што я ў 91-м засялілася, пастаянна плаціла грошы за каналізацыю, у мяне ёсць пагадненні, вы дом прымалі і вы давалі тэхдамову на каналізацыю. Тады ён супакоіўся і моўчкі гэта ўсё прайшло. А цяпер, ведаючы, што ў мяне ўсе дакументы ёсць, яны спрабуюць нас абвінаваціць, што мы карысталіся каналізацыяй з 15 да 20 красавіка, калі нам яе перакрылі. А хто нас папярэдзіў? Яны моўчкі перакрылі нам ваду, зрабілі амаль патоп і пагражаюць штрафам памерам 50 базавых!» – са слязамі на вачох распавядае жанчына.

«Яны як багі тут – чыняць лёсы людзей»

Мінулы раз позву ў суд Ганне Садоўскай прыносіў дырэктар аховы прыроды 15 траўня. Папярэдні суд павінен быў адбыцца 16-га траўня.

«Яны нават не хацелі даць мне трохі часу, каб адваката наняць. Разабрацца ў чым справа. Як я магу ім верыць, калі яны ідуць на такое падступства? Вы бачыце, што дзеецца ў нашай краіне? Я звяртаюся паўсюль: у аблвыканкам, у пракуратуру. Я пісала ў Адміністрацыю прэзідэнта. Што хочуць, тое і робяць! Чаму наш прэзідэнт даў такую ўладу нашым мясцовым чыноўнікам? Яны як багі тут – чыняць лёсы людзей. Чаму так? Як так можна подла хлусіць?! Мала таго, што яны пасадзілі дом на трубу, дык яшчэ фабрыкуюць новую справу. Мне так надакучыла гэта ўсё, больш не магу. Таблеткі пачала піць...» – са шкадаваннем прызнае жанчына.

Суд прызначаны на 22 траўня, і як сцвярджае сама жанчына, яна ўжо не ведае, якога ліха яшчэ чакаць. Пры тым, што ёй забаранілі ўзяць на суд знаёмага праваабаронцу, а адваката дазваляюць мець толькі дзяржаўнага.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках