2 траўня 2024, Чацвер, 12:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Параза Пуціна відавочная

16
Параза Пуціна відавочная

Кіраўнік РФ пацярпеў паразу ва Украіне і апынуўся ў акрутнай сітуацыі.

На мінулым тыдні Нацыянальная выведка ЗША назвала стратэгічныя мэты Расеі ва Украіне. У апублікаваным дакладзе гаворыцца аб тым, што прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, напэўна, будзе працягваць ціск на Кіеў, сярод іншага, з дапамогай ваеўнікоў на Данбасе. Пра тое, чаму напраўду кіраўнік Крамля пацярпеў паразу ва Украіне, і пра акрутную сітуацыю, у якой ён апынуўся, «Апострофу» распавёў расейскі палітолаг Дзмітрый Арэшкін.

- З'яўленне такога кшталту дакладаў – толькі фармальная прыкмета таго, што амэрыканская эліта разумее ў апошнія некалькі гадоў. Гэта важна, бо адна рэч – размовы, а іншая – дакументальнае ўкладанне. А ў гэтым выпадку ўжо словамі дакладна прапісанае разуменне стратэгіі пуцінскай Расеі наконт найбліжэйшай будучыні.

Нічога новага ў гэтым няма, акрамя таго, што рэчы названыя сваімі імёнамі. А гэта ў рамках заходняй палітычнай мадэлі важна, бо дае ўжо ясна зразумець, грунтуючыся на якіх прыярытэтах, уяўленняў аб мэтах і задачах Расеі Захад будзе ладзіць свае далейшыя стасункі з пуцінскай РФ. Тут пастаўленыя кропкі над «і».

Што да змястоўнай часткі, то ясна, што доўгатэрміновая стратэгія Пуціна стала празрыстай і таму перастала быць небяспечнай. Поспехі Пуціна звязваліся з тым, што ён дзейнічаў, смела парушаючы заходнія, у тым ліку еўрапейскія, уяўленні аб адказнай палітыцы. Ніхто не быў гатовы да таго, што ён так лёгка парушыць уласныя абавязанні, звязаныя з гарантыяй тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, і, адпаведна, ніхто не быў гатовы да ягоных дзеянняў у Крыме. Дзякуючы гэтаму і выпала гэтую гісторыю шчасна пракруціць. Украіна не была гатовая ні ў вайсковым, ні ў палітычным, ні ў ментальным аспекце, і Захад не быў да гэтага гатовы. На гэта і арыентавалася пуцінская стратэгія. Таму ён здолеў так лёгка заваяваць Крым. Цяпер гэта ўжо не будзе працаваць, бо ад яго чакаюць менавіта такіх крокаў.

Цяпер Пуціна ўспрымаюць не зусім як Кіма Чэна Ына, але быццам прыкладна так жа. І стасункі з ім будуць ладзіцца па-іншаму. Тут ужо аб якіх-небудзь дамоўленасцях казаць практычна не выпадае. Спробы Мэркель і Магерыні яшчэ раз прамацаць глебу, наладзіць нейкія стасункі на новым, больш нізкім узроўні, ні да чаго не прывялі. Ні да чаго не прывялі візіт Лаўрова ў ЗША і ягоная сустрэча з Трампам.

Так што Захад гатовы, Захад узброены. З такога кшталту палітычнымі чыннікамі стасункі могуць ладзіцца толькі на вельмі простых, матэрыяльных падвалінах. Дамаўляцца цяжка. Значыць, Захад будзе выкарыстоўваць матэрыяльны ціск – гэта санкцыі, далейшая ізаляцыя, таксама, напэўна, комплексная аперацыя зніжэння кошту нафты, каб аслабіць эканамічныя пазіцыі пуцінскай Расеі.

Як жа можа памяняцца стратэгія Пуціна? Зрабіцца больш мяккай яна ўжо не можа, бо гэта будзе страта твару. Зрабіцца больш жорсткай – таксама не можа, бо Пуцін не мае сур'ёзных рэсурсаў (вось гэта таксама амэрыканцы ўмеюць добра лічыць). Адзінае, што Пуцін апошнія некалькі гадоў рэалізуе, гэта пагроза ўзброеным канфліктам, чаго Захад дапусціць не можа, бо ў яго іншыя ўяўленні аб дапушчальных стратах. Калі для савецкага войска і для расейскага кіраўніцтва дапушчальныя страты заўсёды былі на парадак вышэйшыя, чым для Захаду, то ясна, што пагроза рэальнага ваеннага канфлікту для Захаду непрымальная. У той жа час Масква робіць выгляд, што яна такое можа дапусціць. Напраўду – не. Нязносны заходні рацыяналізм акурат і паказвае, што Пуцін не мае дастатковай вайсковай базы для таго, каб сур'ёзна канфліктаваць з Захадам. Адзінае, што ён можа рабіць, – гэта палохаць. Гэта таксама ўжо зразумелі. Мы ўжо бачым, што для Расеі ва ўсіх сэнсах гэта контрпрадуктыўна.

Геапалітычная параза Расеі відавочная: раскалоць Еўропу не выпала. Brexit аслабіў сітуацыю. У той жа час менавіта таму, што Захад стварыўся на дэмакратычных падвалінах, ён вучыцца на сваіх няўдачах, і пагроза Frexit прымусіла палітычны клас і выбаршчыка ў Францыі выступіць супраць Лё Пэн. Так што гэтая стаўка не спрацавала. У выніку выходзіць, што пуцінская Расея сябе атачыла колам злоснікаў, бо яе ўсе баяцца і ўважаюць за крыніцу дэстабілізацыі. Толькі адзін спадар Дадон з Малдовы прысутны на парадзе побач з Уладзімірам Пуціным. Такога даўно не было. Засталося толькі Кіма Чэна Ына запрашаць на шэсце.

Расея знаходзіцца ў ізаляцыі, у яе не застаецца ніякіх рэсурсаў ўздзеяння. Бо на Захадзе ўжо гатовыя да яе хакерскіх умяшанняў. І стратэгія Захаду будзе грунтавацца на тым, каб зрабіць так, каб грошай у расейскага дзяржавы было менш. Аб міжнароднай ізаляцыі на саміце «Вялікай дваццаткі» Пуцін атрымае шмат не вельмі прыемных для сябе сігналаў. Расея ператвараецца ў другарадную краіну з ужо аслабленымі пазіцыямі нават на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, якую паводзіцца ўважаць за яе зону ўплыву.

Пуцін саступае ў сваёй уласнай гульні аб падзеле свету на зоны ўплыву. Ягоная сфэра ўплыву звужаецца, ён не можа прадэманстраваць комплексныя поспехі ў развіцці падкантрольных тэрыторый – таго ж Прыднястроўя або ДНР/ЛНР. Застаецца толькі прапаганда, якая працуе ўнутры. На замежным рынку гэтая прапаганда ўжо не працуе. Яна сустракаецца з разуменнем і раздражненнем, бо ўсе ўсведамляюць, што гэта пустыя размовы. Калі ў Савецкім Саюзе былі левыя інтэлектуалы, якія верылі ў тое, што гэта нейкая новая мадэль, якая нясе збаўленне чалавецтву, то цяпер большасць думае зусім па-іншаму. Ніякай мадэлі тут няма, а спроба зацвердзіць сваё панаванне, прычым не з дапамогай мяккай сілы, а з дапамогай жорсткай – вайсковага кантролю.

Цяпер ёсць сігнал, што Захад разумее, адкуль зыходзіць пагроза міру, і разумее, як з пуцінскай вертыкаллю дзейнічаць надалей.

Вядома, што галоўнай мэтай Расеі застаецца дэстабілізацыя ўсякімі сродкамі. Ці то з дапамогай падтрымкі нацыяналістаў, ці то з дапамогай падтрымкі «партыі вайны», якая цісне на ўкраінскае эканамічнае развіццё, то з дапамогай падтрымкі «ЛНР» і «ДНР». Але пры гэтым рэсурс падтрымкі – абмежаваны, грошай не стае нават на сацыяльныя праграмы ўнутры краіны, гэта цяпер усё вастрэй адчуваецца. Так што ў Пуціна акрутная сітуацыя, яна будзе толькі пагаршацца. Яму трэба перад выбарамі дэманстраваць нейкія перамогі, а на якім полі? У Сірыі перамога вельмі сумнеўная, ва Украіне – відавочная параза. Украіну Пуцін страціў, увабраў, праўда, Крым, але гэта, болей, цяжар на шыі. Усё больш людзей пачынаюць адчуваць неразуменне: а што такога мы атрымалі разам з Крымам? Вось гэтыя пытанні расейскія людзі пакуль гоняць ад сябе і імкнуцца не задумвацца, але з кожным месяцам, з ростам коштаў і паніжэннем даходаў, гэтыя пытанні будуць гучаць усё актуальней.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках