2 траўня 2024, Чацвер, 7:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея паскардзілася на ўкраінскія санкцыі ў СГА

20
Расея паскардзілася на ўкраінскія санкцыі ў СГА

У Крамлі абвінавацілі Ўкраіну ў парушэнні шэрагу базавых пагадненняў Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

Расея накіравала ў орган разгляду спрэчак Сусветнай гандлёвай арганізацыі запыт на правядзенне кансультацый у сувязі з уводам Украінай абмежаванняў у дачыненні да РФ. Пра гэта заявіў у суботу журналістам кіраўнік Мінэканамразвіцця Расеі Максім Арэшкін, паведамляе interfax.ru.

"Расейскае прадстаўніцтва пры СГА ў Жэневе накіравала ў орган разгляду спрэчак СГА і ўрад Украіны запыт на правядзенне кансультацый у сувязі з рэгулярным уводам, пачынаючы з 2014 года, абмежаванняў, забарон, спецыяльных патрабаванняў і працэдур у дачыненні да расейскіх тавараў, паслуг і асоб на ўкраінскім рынку, а таксама ў дачыненні да транзіту праз Украіну", - заявіў расейскі чыноўнік у Ханоі пасля перамоў з кіраўніком СГА Рабэрту Азэвэдам, якія прайшлі ў рамках сустрэчы міністраў гандлю краін АЦЭС.

Арэшкін абвінаваціў Украіну ў сістэмным парушэнні міжнародных абавязанняў і ігнараванні правілаў міжнароднага гандлю. "Ёсць сур'ёзныя падставы меркаваць, што гэтыя захады робяцца Украінай з парушэннем яе абавязанняў у СГА, у тым ліку дадатковых абавязанняў, прынятых падчас далучэння" - заявіў чыноўнік.

Арэшкін заявіў, што ўведзеныя Украінай абмежаванні закранулі шэраг галін расейскай эканомікі. "Расейскім кампаніям забаронена ўдзельнічаць у прыватызацыі - што з'яўляецца яшчэ адным грубым парушэннем украінскіх абавязанняў у СГА, - дадаў ён. - Гэтак жа мы класіфікуем абмежаванні на аперацыі з украінскай валютай, забарона на акрэдытацыю журналістаў расейскіх навінавых агенцтваў ды іншых СМІ".

Расейскі чыноўнік адзначыў, што запыт РФ ахоплівае агулам сотні элементаў украінскіх нарматыўных актаў, бо ў Крамлі мяркуюць, што Украіна парушыла шэраг базавых пагадненняў СГА, у тым ліку пагадненне аб заснаванні СГА, генеральнае пагадненне аб гандлі таварамі, генеральнае пагадненне аб гандлі паслугамі, пагадненне аб імпартным ліцэнзаванні, пагадненне аб тэхнічных бар'ерах у гандлі, пагадненне аб санітарных і фітасанітарных захадах.

У адпаведнасці з працэдурамі СГА, запыт на правядзенне кансультацый з'яўляецца першым этапам падчас падачы пазову. На працягу двух месяцаў, згодна з правіламі Сусветнай гандлёвай арганізацыі, павінны быць праведзеныя кансультацыі з урадам Украіны з мэтай пошуку ўзаемапрымальнага развязання сітуацыі.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках