Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў абараніў у судзе права кіраваць аўтамабілем
7- 6.05.2017, 20:48
- 13,920
Менскі суд адхіліў патрабаванне судовых выканаўцаў у абмежаванні Леаніда Кулакова ў праве кіравання.
Як распавёў актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Леанід Кулакоў сайту «Беларускага дакументацыйнага цэнтра»:
«На маё здзіўлення суд Першамайскага раёна горада Менска адхіліў заяўленыя судовымі выканаўцамі патрабаванні ў абмежаванні мяне ў праве кіравання. Шчыра прызнаюся, такая пастанова стала для мяне прыемнай нечаканасцю. Добрага я ўжо даўно не чакаю ад нашых судоў: «дні» арышту, вялізныя штрафы, канфіскацыя маёмасці - звычайныя будні беларускіх грамадзянскіх актывістаў. Нашы суды практычна заўсёды выносяць прысуды не на карысць актывістаў. Я ўжо падрыхтаваўся расстацца са сваім аўто. Тыдзень таму мяне звольнілі з працы, аўтамабіль ужо больш за год знаходзіцца пад арыштам праз неаплачаныя штрафы, у мяне ён «на адказным захоўванні». Калі б мяне пазбавілі пасведчання кіроўцы, судовым выканаўцам больш бы нічога не перашкаджала канфіскаваць у мяне аўтамабіль і прадаць яго.
Да канца гэтага месяца ў мяне ёсць час на выплату штрафаў. Я "завінаваціўся" дзяржаве агулам 1470 рублёў. Спрабую ўладкавацца на працу, але мяне нават кантралёрам грамадскага транспарту не ўзялі, кажуць, што не бяруць асоб, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці.
Пра звыклую для мяне працу ў таксі думаць пакуль і не даводзіцца - каму патрэбны кіроўца, якога могуць у кожны момант спыніць супрацоўнікі ДАІ і канфіскаваць аўтамабіль, бо ён арыштаваны?
Але, у кожным выпадку, я вельмі рады такой пастанове суда».
У вызначэнні суда гаворыцца:
«4 траўня 2017 года суд Першамайскага раёна г. Менска ў складзе старшыні Дрэка А.М, пры сакратарцы Бразоўскай В.А, разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў памяшканні суда прадстаўленне судовага выканаўцы аб прыняцці захадаў гарантый выканання, суд пастанавіў:
У справаводстве АПВ Першамайскага раёна г. Менска знаходзіцца справа аб спагнанні з Кулакова Леаніда Міхайлавіча штрафу ў даход дзяржавы сумаю 420 рублёў.

У судзе судовы выканаўца прасіў прыняць захады гарантавання выканання ў выглядзе абмежавання Кулакову Л.М. права кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі.
Судовы выканаўца ў судовым пасяджэнні заяўленыя патрабаванні не падтрымаў, паказаўшы аб частковай аплаце завінавачаным сумы штрафу.
Завінавачаны ў судовым пасяджэнні заяўленыя судовым выканаўцам патрабаванні не прызнаў...
Як угледжваецца з матэрыялаў справы, справа распачата 07.12.2016. Выканаўчы дакумент выкананы часткова.
Разам з тым у судовым пасяджэнні судовы выканаўца прасіў не прымаць гарантыйных захадаў да завінавачанай асобы, бо цяпер адсутнічае факт ухілення завінавачанага ад выканання выканаўчага дакумента.
Пры такіх абставінах ва ўмовах гэтай справы падстаў для прыняцця захадаў забеспячэння выканаўчых дзеянняў не бачыцца, заяўленыя патрабаванні трэба адхіліць...»
Як відаць з дакумента, падставай для прыняцця такой пастановы стала не высакароднасць суддзі, які надумаў не пакідаць завінавачанага без адзінай крыніцы даходу, а адмова самога судовага выканаўцы, бо Леанід Кулакоў не ўхіляецца ад аплаты штрафаў. Нагадаем, што актывіст «Еўрапейскай Беларусі» з'яўляецца адным з лідараў паводле колькасці штрафаў, атрыманых за грамадзянскую актыўнасць.