Мікалай Статкевіч: Вулічныя акцыі - найбольш эфектыўная форма барацьбы за правы людзей
10- 19.06.2017, 16:40
- 28,784
Беларусы павінны гучна і публічна патрабаваць спынення рэпрэсій.
Пра гэта ў інтэрв'ю сайту bnknews.org заявіў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч.
- 5-9 ліпеня ў Менску пройдзе сесія ПА АБСЕ. Як вы пракаментуеце тое, што прэстыжны міжнародны форум праходзіць у дыктатарскай краіне?
- Адпаведна з нармальнай логікай такія форумы павінны праводзіцца ў краінах, якія з'яўляюцца ўзорам выканання базавых прынцыпаў АБСЕ. Цяпер сесія Парламенцкай Асамблеі гэтай арганізацыі адбудзецца ў самай несвабоднай краіне Еўропы. Мерапрыемства пройдзе пасля брутальнага разгону мірнага Дня Волі, з'яўлення вялікай колькасці новых палітвязняў, выкраданняў або прэвентыўных арыштаў апазіцыйных лідараў, даведеных фактаў збіцця і катаванняў актывістаў. І напярэдадні правядзення ў Беларусі масавых вайсковых вучэнняў, на якіх плануецца адпрацоўка падрыхтоўкі да нападу на суседнія краіны. Выбар месца правядзення чарговай сесіі ПА АБСЕ можа сведчыць аб адыходзе гэтай арганізацыі ад прынцыпаў, якіх яна прытрымлівалася нават у часы Савецкага Саюза.
- Якім чынам гэта мерапрыемства можа дапамагчы вызваленню палітвязняў і спыненні крымінальных справаў супраць актывістаў апазіцыі?
- Калі патрабаванні вызвалення і спынення пераследу неаднаразова прагучаць з трыбуны сесіі і будуць зафіксаваныя ў яе дакументах. Але для гэтага самі беларусы павінны гучна і публічна патрабаваць спынення рэпрэсій. Таму ўважаю за выключна важнае правядзенне ў Менску 22 чэрвеня пікету, а 3 ліпеня масавай акцыі з гэтымі патрабаваннямі. Калі за 2 дні да сесіі, якая пачнецца 5 ліпеня, тысячы беларусаў выйдуць у цэнтр Менска, каб бараніць свае правы, патрабаваць вызвалення невінаватых і спынення небяспечных замежных вайсковых гульняў на нашай зямлі, то іх голас нельга будзе ігнараваць.
Калі ўжо гэтая сесія адбудзецца ў нас, то давайце цалкам выкарыстаем яе на карысць нашага грамадства. Тым больш, што напярэдадні яе правядзення ўлада будзе звязаная ў сваіх дзеяннях супраць мірных дэманстрантаў.
- Вядома, што адбудуцца шэраг мерапрыемстваў, на якіх будзе абмяркоўвацца сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Ці будзе ў іх удзельнічаць БНК?
- Такія мерапрыемствы заўсёды праводзяцца перад сесіямі ПА АБСЕ. Пакуль прадстаўнікі БНК не маюць запрашэння на іх. Нягледзячы на прысутнасць сярод нас праваабаронцаў і на тое, што дзясяткі нашых актывістаў адчулі на сабе гэтай вясной самыя брутальныя формы незаконных рэпрэсій. Шчыра скажу, мне гэта не зусім зразумела. Але ніхто не пазбавіць нас нашага канстытуцыйнага права на вулічныя масавыя акцыі - найбольш эфектыўныя ў сённяшніх варунках формы барацьбы супраць рэпрэсіяў і за правы людзей.
3 ліпеня сустрэнемся аў 14.00 на Кастрычніцкай плошчы Менска і гучна заявім свой пратэст супраць беззаконня.