1 траўня 2024, Серада, 6:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Неанацысты збілі Вячаслава Касінерава і ягоных сяброў

17
Неанацысты збілі Вячаслава Касінерава і ягоных сяброў
ВЯЧАСЛАЎ КАСІНЕРАЎ

Напад на актывіста адбыўся ў цэнтры Маладзечна.

Актывіст Вячаслаў Касінераў распавёў Свабодзе пра бойку на Цэнтральнай плошчы Маладзечна: 21 чэрвеня 20-25 чалавек неанацысцкіх поглядаў напалі на яго, ягонага сябра і двух сябровак праз палітычныя погляды. У самога Касінерава зламаны нос, закрытая чэрапна-мазгавая траўма.

«Нападнікаў было ў пяць раз болей, білі і дзяўчат»

«Гэта была не надта і бойка, гэта было збіванне», — кажа Касінераў.

З ягоных слоў, нападнікаў было блізу 20-25 чалавек, але ягоныя сябры бачылі некалькі «бітком набітых машынаў, якія ездзілі па горадзе і шукалі яго і сяброў». Касінераў кажа, білі ў тым ліку дзяўчат.

«Атакавалі неанацысты, на мне была байка, якую робяць анархісты з Украіны, па вонкавым выглядзе было зразумела, хто я і што я, мажліва, нехта пазнаў мяне, — разважае Касінераў. — Напэўна, білі за выгляд, але беларуская мова іх здзівіла за нядоўгую размову, што там адбылася.

Я не асабліва меў магчымасць з кімсьці пабіцца, бо гэта адбывалася на Цэнтральнай плошчы Маладзечна. Мяне здзівілі такія нахабныя паводзіны людзей. Я заўсёды сутыкаюся з нейкім вулічным гвалтам, але людзі разумелі, дзе яны гэта робяць, што пад камерамі нельга, што ёсць нейкія нормы. Калі ідзе вялікая колькасць апанентаў, палітычных там ці футбольных, то ёсць прапановы «выйсці роўнымі складамі», прыкладам «давайце два на два выйдзем». Там таксама былі такія закіды, але я разумеў, што ніхто са мной два на два не выйдзе, каб пабіцца і потым адпусціць».

«Ці яны вельмі дурненькія, ці гэта нейкая правакацыя, супраца»

«Міліцыі ніякай не было, хоць быў цэнтр гораду. Скончылася тым, што мяне моцна збілі, павалілі на зямлю. Білі блізу 5-7 чалавек. У выніку ў мяне зламаны нос, закрытая чэрапна-мазгавая траўма. І ўсё — нас збілі, мы пайшлі. Але нас яшчэ пільнавалі да самага вакзалу, падыходзілі, прапаноўвалі кудысьці адысці. Але побач з вакзалам не адважыліся нападаць».

Касінераў кажа, што яму тэлефанавалі з міліцыі з нагоды бойкі. Але ён не збіраецца падаваць заяву ў міліцыю, бо «не вельмі верыць, што такія метады дзейнічаюць у нашай краіне.

«І зноўку, нахабныя паводзіны нацыстаў паказваюць, што, хутчэй за ўсё, яны разумелі, што яны робяць і дзе. У мяне два варыянты: ці яны вельмі дурненькія, што гатовыя нападаць на кагосьці пад камерамі ў цэнтры гораду, ці гэта нейкая правакацыя, супраца.

Я разумеў, што знаходжуся ў людным месцы, дзе ёсць камеры. А цяпер мае паплечнікі, антыфашысты знаходзяцца ў турме, таму калі я пачну сябе абараняць з усімі сваімі мажлівасцямі, крымінальны артыкул завядуць ужо на мяне перш, чым на кагосьці іншага. Праз міліцыю наўрад ці буду гэта вырашаць».

У міліцыі Маладзечна адмовіліся пракаментаваць гэтае здарэнне.

У Маладзечанскім РУУС карэспандэнта Свабоды накіравалі ў прэс-службу УУВ Менаблвыканкаму. Начальнік прэс-службы Упраўлення ўнутраных спраў Менскага аблвыканкаму Яўген Сачак на выездзе. Супрацоўнікі паабяцалі праверыць інфармацыю і паведаміць праз гадзіну.

***

Вячаслаў Касінераў — актывіст анархісцкіх поглядаў, фігурант «справы графіцістаў», нядаўна аштрафаваны таксама за пятлю на шыі «царскага гарадавога». Штраф за перформанс са скульптурай далі нягледзячы на тое, што пракурор запатрабаваў для Касінерава 2 гады «хатняй хіміі», а начальнік менскай міліцыі Аляксандр Барукоў называў скульптуру «святым месцам». Пасля суду Касінераў мяркуе, што за ім могуць сачыць спецслужбы: так, яго хацелі затрымаць, калі ён адпраўляў лісты ў турму.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках