27 верасня 2024, Пятніца, 2:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нагаспадарыў

5
Нагаспадарыў

Як у Беларусі «праходзяцца» па банкірах.

У судзе Цэнтральнага раёна Менска рыхтуецца да разгляду крымінальнай справы ў дачыненні да Генадзя Гаспадарыка, былога першага намесніка кіраўніка ўправы найбуйнейшага банка краіны «Беларусбанка», і ягонага змоўніка – у мінулым намесніка дырэктара дэпартамента банка – кіраўніка ўправы касавага абслугоўвання. Абодва абвінавачваюцца ў атрыманні хабараў і іншых службовых злачынствах, піша «БелГазета».

Пра затрыманне Генадзя Гаспадарыка стала вядома ў чэрвені 2016 г. Паводле паведамлення КДБ, банкір быў узяты з доказамі злачынства ў момант атрымання хабару памерам $ 14 тыс. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару). Пазней кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык патлумачыў журналістам, што «ў сутнасці справы, гэта было даванне хабару, у якое ўмяшаліся мы. Але ўвогуле рэальныя сумы нашмат большыя, на парадкі большыя».

Пра якія сумы ідзе гаворка і іншыя нюансы абвінавачвання стануць вядомыя ў першы дзень працэсу, калі бок абвінавачвання абвесціць абвінаваўчую пастанову. Як паведаміла прэс-службы Менгарсуда, першае судовае паседжанне прызначанае на 19 ліпеня. Пакуль жа вядома, што Гаспадарык абвінавачваецца ў двух эпізодах атрымання хабараў у буйным і асабліва буйным памерах, а таксама ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Ягоны змоўнік, прозвішча якога не называецца, абвінавачваецца ў атрыманні хабару, даванні хабару, у падбухторванні да давання хабару і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.

Паводле непацверджанай афіцыйна інфармацыі, летам мінулага года таксама праваахоўнікамі затрымліваліся яшчэ як мінімум два топ-мэнэджары «Беларусбанка», аднак пра іхні далейшы лёс нічога не паведамлялася. У снежні 2016 г. пастановай назіральнай рады ААТ «АСБ Беларусбанк» ад пасады кіраўніка ўправы быў вызвалены Сяргей Пісарык. Ці быў прычынай скасавання кантракту карупцыйны скандал, застаецца толькі здагадвацца. Прэс-служба банка паведаміла, што бакі разышліся «праз дамову». Аднак за месяц да звальнення Пісарыка Лукашэнка, выступаючы перад расейскімі журналістамі, прайшоўся па банкірах ва ўласцівай яму манеры: «Паглядзелі, як жывуць банкіры, – нядрэнна жывуць, лепш, чым у мінулыя гады, у тым ліку з заробкамі, крэдыты самі сабе выдаюць, дзеляць і іншае. У найбліжэйшы час мы навядзем там жалезны парадак».

Генадзь Гаспадарык нарадзіўся ў 1960 г. у Нясвіжскім раёне. Скончыў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут, БДЭУ. У банкаўскую сістэму прыйшоў пасля службы ў Савецкай арміі. З 1983 г. да 1987 г. працаваў інжынерам у Кастрычніцкім і Савецкім аддзяленнях, кіраўніком аддзела Менскай гаруправы Будбанка СССР. У 1988–1991 гг. – намеснік кіраўніка ўправы, галоўны інжынер управы інжынерна-тэхнічнага кантролю Беларускага рэспубліканскага банка Жылсацбанка СССР; 1991–1994 гг. – намеснік кіраўніка аддзела, кіраўнік Траецкага аддзялення ГУ Нацбанка Менска; 1994–1997 гг. – кіраўнік управы «Белжэлдарбанка». У 1997 г. прызначаны кіраўніком Менскай гарадской управы, а з 2002 г. намеснікам кіраўніка ўправы «Беларусбанка». Праз 10 гадоў стаў першым намеснікам кіраўніка ўправы «Беларусбанка».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках