Лукашэнка прадаўжае вадзіць за нос Кіеў з украінскім тэлеканалам
16- 19.07.2017, 14:48
- 19,083
Ва Украіне беларускі канал «Беларусь-24» даступны, а ў Беларусі ўкраінскі канал не з'явіўся.
20–21 ліпеня адбудзецца візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў.
Адным з вынікаў адной з ранейшых такіх сустрэчаў – яшчэ ў снежні 2014-га – стала дамоўленасць пра ўключэнне ўкраінскага ТБ-канала ў беларускую сетку вяшчання, і наадварот беларускага канала ва ўкраінскую, піша nn.by.
Пра дасягненне дамоўленасці ў тэхнічных пытаннях з Ліліяй Ананіч заяўляў і міністр інфармацыі Украіны.
Праз два з паловай гады сітуацыя тая самая. Ва Украіне беларускі канал «Беларусь-24» даступны, а ў Беларусі ўкраінскі канал не з'явіўся.
У базавых кабельных пакетах па-ранейшаму можна знайсці толькі дзясяткі расейскіх каналаў, але ні аднаго польскага. І ўкраінскага таксама ні аднаго.
Ці можна чакаць, што ўкраінскі канал усё ж з'явіцца ў кабельных аператараў?
На вусны запыт «Нашай Нівы» адказны за супрацоўніцтва з Украінай чыноўнік Міністэрства інфармацыі нічога не адказаў, дадаўшы, што можа гэта зрабіць «толькі з дазволу міністаркі». І прапанаваў журналістам самім звярнуцца па такі дазвол да міністаркі.