3 траўня 2024, Пятніца, 14:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Еўрапарламенце заклікалі Кіеў разабрацца ў справе Шарамета

2
У Еўрапарламенце заклікалі Кіеў разабрацца ў справе Шарамета
ПАВЕЛ ШАРАМЕТ

Украінскія ўлады павінны давесці расследаванне да канца.

Дэпутатка Еўрапарламента Рэбека Хармс заклікала ўлады Украіны выканаць сваё абяцанне і закончыць расследаванне справы пра забойства журналіста Паўла Шарамета.

Пра гэта паведамляе "Укрінфарм" са спасылкай на інтэрв'ю, узятае ў дэпутаткі ў Нямеччыне.

"Украінская ўлада павінна выканаць свае абяцанні, знайсці і аддаць пад суд усіх асобаў, вінаватых у забойстве журналіста Паўла Шарамета", – сказала нямецкі палітык.

Яе сур'ёзна занепакоілі высновы нядаўняга спецыяльнага даклада Камітэта абароны журналістаў пра тое, што расследаванне ў справе Шарамета стаіць на месцы. Гэта наводзіць на думку пра "адсутнасць палітычнай волі, ціск на следства і сур'ёзныя правалы ў афіцыйным расследаванні". Гэтыя праблемы павінны быць развязаныя, адзначае Хармс.

Яна вітае тое, што прэзідэнт Пётр Парашэнка паабяцаў асабіста спрыяць расследаванню і запрасіць замежных экспертаў на дапамогу. Еўрадэпутатка спадзяецца, што партнёры Украіны, уключаючы Еўрапейскі Звяз, змогуць даць фінансавую і тэхнічную дапамогу, якая дазволіць правесці незалежнае расследаванне.

Дэпутатка ЕП адзначае, што ўкраінская ўлада дасягнула за апошні час прагрэсу ў правядзенні некаторых рэформаў у сферы сродкаў масавай інфармацыі, уключаючы стварэнне грамадскага вяшчання, спрыяе празрыстасці ў сферы ўласнасці СМІ. Аднак, адзначае яна, Украіне патрэбная эфектыўная сістэма абароны журналістаў ад гвалту і забойстваў, якія не павінны заставацца непакаранымі.

Як паведамлялася, генеральны сакратар Amnesty International Саліл Шэці таксама патрабуе ад пракуратуры знайсці забойцаў журналіста Паўла Шарамета.

Як вядома, Паўлу Шарамету падклалі выбухоўку пад аўтамабіль – ён загінуў ад выбуху раніцай 20 ліпеня ў цэнтры Кіева. Следства схіляецца да версіі пра прафесійныя матывы забойства, але ні арганізатараў, ні выканаўцаў выбуху не вызначыла.

Журналісты "Слідство.Інфо" ў дакументальным фільме "Забойства Паўла", абапіраючыся на запісы камераў назірання ў раёне выбуху, вызначылі: выбухоўку ўначы заклала пад аўто жанчына, яе прыкрываў мужчына – яны знаходзіліся побач з месцам выбуху і раніцай 20 ліпеня.

Акрамя таго, у тую ноч пад домам, дзе жыў Шарамет, стаялі падазроныя чырвоны "Мэрсэдэс" і шэрая "Шкода", кіроўца апошняй Ігар Усціменка апынуўся былым супрацоўнікам СБУ. У Службе бяспекі заявілі, што ён не выконваў задачаў установы. 15 траўня Усціменку дапыталі.

У паліцыі прызналі, што зрабілі памылкі пры расследаванні забойства Шарамета.

Камітэт абароны журналістаў (CPJ) канстатаваў, што за год расследаванне забойства Шарамета не дало вынікаў – і прапанаваў правесці міжнароднае расследаванне. Там не выключаюць, што да забойства Шарамета могуць быць датычныя ўлады Беларусі, Расеі і Украіны.

Прэзідэнт Пётр Парашэнка прапанаваў уключыць міжнародна прызнанага даследчыка ва ўкраінскую следчую групу ў справе Шарамета.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках