Рада БНК патрабуе вызваліць палітычных зняволеных
1- 22.07.2017, 14:51
- 10,983
Улады павінны неадкладна спыніць пераслед удзельнікаў мірных акцый пратэсту.
Пра гэта гаворыцца ў заяве Рады БНК, прынятай учора, 21 ліпеня.
Падаем тэкст дакумента:
- 20 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёна горада Менска адбыліся судовыя працэсы над удзельнікамі акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, якая прайшла 22 чэрвеня. Максім Вінярскі, Леанід Кулакоў і Вольга Нікалайчык арыштаваныя на тэрмін ад 10 да 15 дзён, Арцём Чарняк, Мікалай Логвінаў і Мікіта Краснакуцкі атрымалі вялікія штрафы. Некаторыя адміністрацыйныя працэсы прайшлі без удзелу абвінавачаных, а прысуды выносіліся на падставе хлуслівых сведчанняў сведак-міліцыянтаў.
Незаконныя выракі пра арышты і штрафы прымалі суддзі Вікторыя Шабуня і Іван Касцян, якія раней неаднаразова ўдзельнічалі ў расправах над актывістамі апазіцыі.
Найбліжэйшым часам можна чакаць новых адміністрацыйных працэсаў у дачыненні да ўдзельнікаў акцый, якія прайшлі 3 і 7 чэрвеня пад лозунгам «За мірную Беларусь». Некаторых з іх ужо выклікаюць у аддзяленні міліцыі для складання пратаколаў.
Рада БНК патрабуе ад улад Беларусі неадкладна вызваліць і рэгабілітаваць усіх палітычных зняволеных ды спыніць пераслед удзельнікаў мірных акцый пратэсту. Таксама БНК звяртаецца да міжнароднай супольнасці з заклікам націснуць на рэжым Лукашэнкі, каб дамагчыся абароны правоў чалавека і паважлівага стаўлення да грамадзян краіны.