Прыгажосць беларускага Палесся ў фотаздымках
8- 25.07.2017, 16:02
- 29,287
Cамы незвычайны час на Прыпяці - гэта пара веснавой паводкі.
У асяроддзі эколагаў не сунімаюцца спрэчкі аб аднаўленні шляху Е40, які звязваў Балтыйскае мора з Чорным. Астраном Віктар Малышчыц упэўнены: калі на ўсёй Прыпяці будзе пабудаваны каскад грэбляў, гэта прычыніцца да незваротных змен у прыродзе.
Паводле ягоных слоў, разліваў больш не будзе, унікальная абалона ракі перастане падтапляцца і занепадзе. Знікне значная колькасць жывёлін і птушак, значную шкоду зазнаюць абалонныя дубровы. Застанецца толькі выпрастаць рэчышча, а берагі ўзараць і засеяць пшаніцай. Пакуль пастанова яшчэ не прынятая, Віктар прапануе чытачам tut.by паглядзець на прыпяцкія мясціны, якія могуць знікнуць.
Напэўна, самы незвычайны час на Прыпяці - гэта пара веснавой паводкі. Самы вялікі разліў за апошнія гады адбыўся ў 2013 годзе, як раз пасля сумна вядомага «Хаўера». Тады і быў зроблены гэты здымак. Дарэчы, самай Прыпяці ў кадры нават і няма, яна цячэ справа.
Але яшчэ цікавей адправіцца ў гэты край у канцы красавіка - пачатку траўня, калі ў абалоне яшчэ поўна вады, але дрэвы ўжо стаяць зялёныя, трава месцамі дастае да калена, а ад птушыных песень грыміць увушшу.
Цалкам магчыма, што вам і не выпадзе ў гэты час падысці да ракі бліжэй чым на 2-3 кіламэтры. Жыхары Палесся ўспамінаюць, што ў некаторых месцах падчас разліваў Прыпяць магла дасягаць у шырыню нават 10, а то і 20 кіламэтраў.
Калі вада спадае, у абалоне застаецца мноства азёр-старыц, паміж якімі растуць дубы. Калі ходзіш паміж імі, здаецца, што трапіў у іншы свет - такіх ландшафтаў у Беларусі больш нідзе няма.
Над Прыпяццю паволі згушчаюцца вечаровыя фарбы, і надыходзіць цямраная палеская ноч.
Ночы тут цёмныя з дзвюх прычын. Па-першае, гэта поўдзень Беларусі, і нават у светлыя летнія ночы сонца тут паспявае апусціцца досыць глыбока за далягляд. А па-другое, у гэтых краях няма вялікіх гарадоў і прадпрыемстваў, а на поўдні наогул ляжаць бязмежныя прасторы балот. Таму зорнае неба тут уражвае сваёй чарнатой і россыпам зорак.
Над абалонай Прыпяці ўзыходзіць стары месяц.
Надыходзіць раніца, тэмпература ўсё больш падае, і над вадой пачынае круціцца туман, утвараючы месцам цэлыя аблокі. З першымі прамянямі сонца ён растае за 20-30 хвілін.