2 траўня 2024, Чацвер, 14:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Слонімскі актывіст: Улады выкарыстоўваюць дэкрэт №18, каб зэканоміць на дзіцячай дапамозе

11
Слонімскі актывіст: Улады выкарыстоўваюць дэкрэт №18, каб зэканоміць на дзіцячай дапамозе
ФОТА: BELSAT.EU

Шматдзетную сям'ю ў Дзярэчыне пазбавілі сродкаў да існавання, а таксама хочуць адабраць у іх дзяцей.

З-за дзвярэй двухпавярховага цаглянага дома вызірнула светлая галоўка. А за ёй яшчэ тры. Усе разам кінуліся паглядзець, хто прыехаў і што прывёз. Прыехалі грамадскія актывісты са Слоніма і прывезлі «гуманітарную дапамогу». Трохі рэчаў для чацвярых дзяцей Косцікавых, якія ахвяравалі людзі пасля артыкула ў мясцовай газеце, паведамляе «Белсат».

23 чэрвеня мясцовая камісія ў справах няпоўнагадовых вынесла пастанову перавесці дзяцей Алены і Дзмітрыя Косцікавых на дзяржзабеспячэнне. Бацькоў абвінавачваюць у тым, што яны ўжываюць алкаголь і не сочаць за дзецьмі і парадкам у доме, аднак сама маці адмаўляе сваю віну і мяркуе, што справа далёка не ў іх.

Забраць дзяцей, каб не выплачваць дапамогу?

«У міліцыі і камісіі той няма, няма ніякіх доказаў таго, што мы нібыта “ўжываем”. У мяне было адзінае затрыманне год таму, калі мы з маці ішлі з гасцей. Мы пасля заробку паехалі ў Зэльву дзецям да школы набыць сёе-тое, ежу і г. д. Нас запрасіла маміна сяброўка на дзень народзінаў, мы выпілі чарку віна. Потым, калі на прыпынку стаялі, да нас пад'ехала міліцыя з патрабаваннем праехаць разам з імі. Быццам мы там лаяліся або крычалі ці што? У выніку паставілі на ўлік і мяне, і сям'ю. Пачалі да нас чапляцца ўвесь час. Мы з мужам нават закадаваліся, каб адчапіліся, але сям'ю з уліку не знялі», – распавядае Алена.

Муж Алены Дзмітрый з раніцы да вечару працуе ў калгасе жывёлаводам, сама Алёна да дэкрэтнага адпачынку працавала даяркай. Паводле ейных словаў, муж да гэтага часу на ўліку нідзе не стаяў. Некаторы час таму міліцыя прыехала да яго на працу, і цвярозага мужчыну гвалтам звезлі ў пастарунак і паставілі на ўлік. З 23 чэрвеня маці перасталі выплачваць матэрыяльную дапамогу на дзяцей, а мужу заробак, хоць дзеці яшчэ застаюцца пры бацьках.

«Мяне абвінавачваюць у тым, што я не аддала дачку ў садок і не выйшла на працу. Хоць ёй толькі 2 гадкі, і я маю поўнае права за ёй глядзець. Калі яе аддам у садок, мне перастануць выплачваць дапамогу 390 рублёў. Хоць і так ужо перасталі. Пакінулі нас ўвогуле без сродкаў. Як мы можам палепшыць нашы ўмовы жыцця, калі нас проста пакінулі без грошай?» – тлумачыць Алена.

Голыя сцены са спаленым хлявом

Што тычыцца жыллёвых умоваў, сям'я туліцца ў хаце, якую выдаў ім сельсавет. Да гэтага часу маладыя людзі з дзецьмі жылі ў двухпакаёвым доме. Калі Алена чарговы раз нарадзіла, у радзільні сказалі, што не аддадуць дачку праз недастатковую колькасць месца для жыцця. Тады пасля скаргі ў сельсавет сям'і Косцікавых выдалі дом з голымі сценамі і спаленай адрынай.

«Я звярталася па дапамогу, каб нам зрабілі, адрамантавалі, каб хоць нейкую скаціну трымаць, але нам нічога не зрабілі. Каб нейкую дапамогу нам яны далі... Райвыканкам, сельсавет – дапамогі ніякай не было. Мы самі ўсё рабілі. Кіраўнік калгаса новы, увайшоў у наша становішча, і памяняў нам ужо вокны, і зімой дапамагае дровамі. Аднак акрамя гэтага ніхто і нічога. Зала стаяла без рамонту цэлы год, муж тады ўзяў крэдыт і хоць неяк зрабілі», – кажа Алена.

Слонімскія актывісты: Гэта пытанне грошай

На дапамогу сям'і Косцікавых адгукнуліся слонімскія грамадскія актывісты, якія вартуюць у Дзярэчыне, каб дзяцей не забралі. Пры гэтым яны сцвярджаюць, што выпадкаў, калі бяспраўна забіраюць дзяцей у бацькоў, у Зэльвенскім раёне шмат.

«Гэта звычайная шматдзетная вясковая сям'я. Я мяркую, што на гэты момант забіраць дзяцей у гэтай сям'і няма ніякіх падставаў. І калі мы сталі дапамагаць ім, да нас сталі звяртацца іншыя людзі з іншых населеных пунктаў, таксама з Зэльвенскага раёна з такімі самымі праблемамі. І мы зразумелі, што ідзе маштабная хваля, каб забіраць дзяцей. І ўвогуле ідзе ўсё ад дэкрэта № 18. І нам неабходна будзе звярнуцца да Лукашэнкі, каб ён унёс змены і дапаўненні ў гэты дэкрэт. І калі мы цяпер глядзім на сям'ю Косцікавых, то тут пытанне выключна ў грашах. Калі ў іх забраць дзяцей, яны фактычна не будуць атрымліваць заробак – там вельмі вялікая сума ідзе на дзіцячыя сацпрытулкі. І іх проста загоняць у пазыковую яму. І як яны могуць нешта зрабіць, калі грошай не будзе зусім?» – кажа грамадскі актывіст Віктар Марчык.

Разам з Віктарам Марчыкам прыехаў прадстаўнік Беларускага незалежнага прафсаюза радыёпрамысловасці Міхаіл Сошка.

«Калі да нас звярнуліся па дапамогу, мы адразу распыталі людзей, суседзяў, супрацоўнікаў у краме. Мы пераканаліся, што сям'я абсалютна здаровая. Нармальная, такіх у Беларусі большасць. Гэты дэкрэт з 2006-га года быў у такім паўзамарожаным стане, а цяпер выходзіць, што трэба эканоміць бюджэтныя сродкі. А менавіта на выплату дзіцячай дапамогі, гэта вельмі вялікія грошы. У сябра нашага прафсаюза з Пінска таксама забралі дзяцей. Яны былі разведзеныя з жонкай. Маўляў, няпоўная сям'я. Пачалі судзіцца. Цяпер яны знаходзяцца ў стане вяртання, але ўсё роўна, за гэтыя некалькі месяцаў 500 рублёў ім ужо не выплацілі, пайшло ў кішэню дзяржавы. Гэтая хваля пачалася летась, і ў першую чаргу ўдарыла ў няпоўныя і шматдзетныя сем'і, найбольш сацыяльна слабыя», – тлумачыць Міхаіл Сошка.

Апошні раз забіраць дзяцей прыязджалі сацсупрацоўнікі з міліцыяй некалькі дзён таму а 5-й раніцы. Маці не пусціла іх у хату. За што міліцыянты склалі 10 пратаколаў на жанчыну. 1 жніўня ў Менску пройдзе першае судовае паседжанне ў справе Косцікавых – сям'я абскарджвае пастанову, згодна з якой сацыяльныя службы хочуць забраць дзяцей.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках