3 траўня 2024, Пятніца, 5:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Die Welt: Іран пастаўляе зброю ў РФ у абыход санкцый ААН

12
Die Welt: Іран пастаўляе зброю ў РФ у абыход санкцый ААН
ФОТА: SHUTTERSTOCK.COM

Узбраенне Ірана трапіла ў Расею праз Сірыю.

Іран паставіў кампаненты цяжкага ўзбраення ў Расею насуперак санкцыям Рады Бяспекі ААН. Узбраенне Ірана трапіла ў Расею праз Сірыю, піша Die Welt (пераклад - tvrain.ru) са спасылкай на крыніцы ў заходніх спецслужбах.

Паводле звестак выдання, у чэрвені два іранскія самалёты прызямліліся на авіябазе Хмеймім у Сірыі, дзе базуецца расейская авіяцыя. На самалётах даставілі кампаненты цяжкага ўзбраення для іх далейшага транспартавання ў Расею. Затым кампаненты перавезлі на грузавіках у порт Тартус на Міжземным моры, распавядаюць суразмоўцы газеты. Ужо адтуль іранскае ўзбраенне было дастаўленае ў Наварасейск на расейскім караблі «Спарта III».

Die Welt публікуе фатаграфію на сваёй афіцыйнай старонцы ў твітэры, на якой, як сцвярджае выданне, выява іранскага самалёта у Хмейміме. Дата, калі быў зроблены здымак, не паведамляецца.

Газета піша, што такім чынам Расея і Іран парушылі рэзалюцыю № 2231, ухваленую Радай Бяспекі ААН у 2015 годзе. Яна забараняе без узгаднення з Радай Бяспекі «пастаўку, продаж або перадачу <...> ўсіх тыпаў баявых танкаў, артылерыйскіх сістэм вялікага калібру, баявых самалётаў, баявых верталётаў, баявых караблёў, ракет або ракетных сістэм». Забарона таксама распаўсюджваецца на «будаўніцтва і рамонт» такога ўзбраення. Што менавіта Іран мог паставіць Расеі, не паведамляецца.

Паводле звестак сэрвісу VesselFinder, які адсочвае месцазнаходжанне суднаў, грузавое судна «Спарта III» выйшла з Тартуса 5 жніўня. 13 жніўня яно дабралася да Наварасейска.

Die Welt называе пастаўку ўзбраення праз Сірыю «новым кантрабандным маршрутам», які можа зблізіць Расею і Іран. Газета адзначае, на мінулым тыдні віцэ-прэм'ер Расеі Дзмітрый Рагозін паведаміў, што Масква і Тэгеран падпісалі «папярэдняе пагадненне аб умацаванні вайсковага тэхналагічнага супрацоўніцтва». Дамова стала адказам на ўвядзенне новых санкцый з боку ЗША, мяркуе выданне.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках