14 снежня 2025, Нядзеля, 5:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нізкія заробкі сталі галоўнай праблемай расейцаў

10
Нізкія заробкі сталі галоўнай праблемай расейцаў

Заробкі і ўзровень жыцця займаюць першае месца ў спісе праблемных тэм для расейцаў ужо трэці месяц запар.

Амаль чвэрць (24%) расейцаў уважаюць за галоўную праблему ў краіне нізкі ўзровень жыцця і нізкія заробкі, паказала ліпеньскае апытанне Усерасейскага цэнтра вывучэння грамадскай думкі (УЦДГМ), паведамляе расейская служба BBC.

Нізкія заробкі і ўзровень жыцця займаюць першае месца ў спісе праблемных тэм для расейцаў ужо трэці месяц запар, адзначаюць сацыёлагі. У параўнанні з ліпенем 2016 года колькасць расейцаў, якія турбуюцца праз нізкія заробкі, вырасла на 10%.

Цягам пяці месяцаў (з лютага да чэрвеня 2017 году) гэты паказчык дэманстраваў бесперапынны рост і павялічыўся больш чым удвая - з 13% да 27%.

На сёння расейцаў таксама турбуюць эканамічны крызіс і эканамічная палітыка (21%), сацыяльная палітыка (18%), праблемы аховы здароўя (17%), беспрацоўе (14%), праблемы ў сферы адукацыі (12%), нізкія пенсіі і пенсійная рэформа (12%), інфляцыя і рост коштаў (10%), карупцыя (10%) і стан ЖКГ (8%).

Як адзначаецца ў даследаванні, актуальнасць гэтых тэм праблемнага рэйтынгу (за выключэннем інфляцыі) сёння вышэйшая, чым годам раней.

«Нягледзячы на сканчэнне крызісу, праблемы матэрыяльнага характару сёння хвалююць расейцаў нават больш, чым год таму», - канстатуюць сацыёлагі.

А вось праблемы замежнай і ўнутранай палітыкі і палітычнае становішча ў топ-10 найбольш важных для краіны праблем паводле вынікаў апытання не ўвайшлі.

Для параўнання: у сакавіку 2015 года замежная палітыка хвалявала 13% удзельнікаў апытання УЦВГД і займала трэці радок у спісе праблемных тэм (у той час як нізкі ўзровень жыцця турбаваў ўсяго 11% рэспандэнтаў). Праз год аб праблемах замежнай палітыкі заяўлялі ўжо 6% апытаных (7-е месца ў рэйтынгу), а ў снежні 2016 го - 4% (11-е месца).

«На сёння найбольш вострая тэма - праблема матэрыяльнага дабрабыту, нізкія заробкі і нізкі ўзровень жыцця, што актуалізуе другую хворую тэму - сацыяльнай падтрымкі», - прыводзяцца ў паведамленні цэнтра словы кіраўніцы практыкі сацыяльнага мадэлявання і прагназавання Дэпартамента даследаванняў УЦДГМ Юліі Баскакавай.

Апытанне праводзілася з 27 ліпеня да 1 жніўня 2017 года ў 130 населеных пунктах у 46 абласцях, краях і рэспубліках васьмі федэральных акруг Расеі шляхам інтэрв'ю па месцы жыхарства рэспандэнта. У апытанні ўзялі ўдзел 1600 чалавек. На адкрытае пытанне «якія праблемы вы ўважаеце за найбольш важныя для краіны агулам?» можна было даць не больш за пяць варыянтаў адказу.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках