1 траўня 2024, Серада, 1:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пад Віцебскам з'явіўся «снежны чалавек»?

27
Пад Віцебскам з'явіўся «снежны чалавек»?

Дзіўная істота блукае па берагах возера Костава ў Віцебскім раёне.

Загадку дзіўнай істоты, што сустрэў грыбнік у лесе на беразе возера Костава, паспрабавала вырашыць экспедыцыя беларускага гурту па даследаванні анамальных з'яў «УфаКом», якая ў першых днях чэрвеня наведала Віцебшчыну, паведамляюць «Народные новости Витебска».

Велізарную невядомую істоту жыхар Віцебска Аляксандр А., які пераехаў у наш горад з Гомельскай вобласці пасля аварыі на ЧАЭС, убачыў яшчэ чатыры гады таму. Аднак ён не распавядаў пра гэтую загадкавую сустрэчы нікому, акрамя блізкіх, і даследчыкі даведаліся пра яе толькі сёлета.

У пачатку жніўня Аляксандр з жонкай адправіліся ў грыбы ў лес на беразе возера Костава, якое знаходзіцца недалёка ад вёскі Кулакова Віцебскага раёна. Пакінуўшы машыну на скрыжаванні лясных дарог, муж і жонка разышліся ў розныя бакі.

Выявіўшы, што грыбоў не вельмі шмат, Аляксандр стаў клікаць жонку па імені, каб пераехаць на іншае месца. Але жанчына не адгукнулася, і ён працягнуў збіраць грыбы ў маладняку. Праз нейкі час Аляксандр убачыў, як яму здалося, апаленае дрэва. Але, паглядзеўшы ўверх, грыбнік убачыў над тым, што ён прыняў за счарнелы камель, буйную падобную да малпінай галаву.

Са слоў Аляксандра, вышыня істоты была больш за тры метры, а галава большая за чалавечую мо ўтрая і зарослая валасамі. Ніякіх канечнасцяў ён не бачыў, толькі падобнае да слупу тулава дыяметрам блізу 60 сантыметраў.

Пасля таго, як грыбнік ад здзіўлення вымавіў «Ого!», істота проста знікла. Праўда, пры гэтым Аляксандр назіраў, як у напрамку берага возера пачалі адхіляцца вяршыні высокіх соснаў, як быццам паміж імі праходзіў віхор.

Пасля гэтага муж і жонка больш не наведвалі лес на беразе возера Костава, але, не гледзячы на тое, што прайшло чатыры гады, Аляксандр упэўнена знайшоў тое месца, дзе ў яго адбылася сустрэча з кімсьці, падобным да так званага снежнага чалавека. На жаль, загадкавая істота не пажадала сустрэцца з даўнім знаёмым і не здалася даследчыкам.

Ніякіх слядоў буйной істоты экспедыцыі «УфаКом» у лесе знайсці не ўдалося. Праўда, па нейкай прычыне ў гэтым месцы вельмі шмат соснаў з мудрагеліста скрыўленымі або зрослымі стваламі.

У лесе на былой турбазе, што калісьці належала аднаму з віцебскіх прадпрыемстваў, а цяпер выкупленай расейскім інвестарам, жыве з сям'ёй, казой і коткай вартаўнік. За пару гадоў, што ён ахоўвае пабудову ў лесе, сустракацца з чымсьці анамальным мужчыну і яго дамачадцам не даводзілася.

Не бачылі ў сваім лесе ні лесавікоў, ні снежнага чалавека і жыхары вёскі Кулакова. З іх расповядаў дзікіх жывёл у лесе шмат і не рэдкія сустрэчы з мядзведзямі, але ніякіх незвычайных істот за сваё жыццё яны не сустракалі.

Аднак Аляксандр упэўнены, што сустрэча з велізарнай істотай яму не прымроілася, і што гэта сапраўды быў не мядзведзь. Даследнікі з «УфаКом» плануюць правесці ў гэтым раёне паўторную экспедыцыю і апытаць жыхароў іншых навакольных вёсак.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках